За былым палітвязьнем Андрэем Гайдуковым, які 8 траўня выйшаў на волю з папраўчай калёніі “Віцьба-3″ пасьля паўтара года зьняволеньня, устаноўлены прафіляктычны нагляд. “На падставе артыкулу, паводле якога я адбываў пакараньне, нагляд з боку МУС мне даць ня могуць. Але КДБ устанавіў свой прафіляктычны нагляд, афіцыйна азнаёміўшы мяне, што ў дачыненьні да мяне распачатыя прафілактычныя справы, — паведаміў актывіст. — Гэта ім дае легальна ажыцьцяўляць праслухоўваньне, назіраньне за мной, прыходзіць да мяне ў любы час дня і ночы. Ім гэта трэба, каб легалізавацца на выпадак далейшых сваіх дзеяньняў у дачыненьні да мяне”.

Вызваленьне з калёніі «Віцьба-3» палітвязьня Андрэя Гайдукова стала сапраўднай спэцапэрацыяй, арганізаванай з мэтай не дапусьціць ягоную сустрэчу ля турэмнай брамы. Андрэю Гадукову загадалі пачаць зьбіраць рэчы а 6-й раніцы, хоць звычайна з калёніі выпускаюць аб 11-й. А 7-й яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль, адвезьлі на вакзал у Віцебску, далі 20 тысяч рублёў, каб ён змог даехаць да сваякоў. Такім чынам, каля турэмнай брамы яго сустрэць не ўдалося.

Палітвязень Андрэй Гайдукоў, па зьвестках праваабаронцаў, 6 красавіка быў пераведзены з калёніі ў Магілёве ў папраўчую калёнію “Віцьба-3”. 8 траўня сканчаецца тэрмін ягонага зьняволеньня, і таму прычыны такога пасьпешлівага пераводу патлумачыць цяжка.

Сям’я Андрэя Гайдукова, які адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі №19, вярнулася з доўгатэрміновага спатканьня. Пра гэта паведаміла яго маці Вольга Гайдукова. «Мы з мужам едзем з Магілёву. Спатканьне прайшло добра. Адчувае Андрэй сябе нармальна, настрой таксама нічога. Мы былі там тры дні: у пятніцу ў абед заехалі і цяпер вяртаемся», - сказала яна.

Андрэю Гайдукову, які адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 19, дазволілі кароткатэрміновае спатканьне зь сям’ёй. Пра гэта паведаміла яго маці Вольга Гайдукова: «Крыху лепш сталі ісьці лісты. Мы таксама стэлефаноўваемся дзесьці раз на 10 дзён. У прынцыпе ён трымаецца нармальна. Чакаем, калі вернецца дадому”, - сказала яна.