Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з чарговай заявай з нагоды прызнання палітычнымі зняволенымі яшчэ 20-ці чалавек. Сярод іх вядомы ў Віцебску арт-менеджар і музыка Уладзімір Булаўскі, якога затрымалі 14 снежня. Спачатку меркавалася, што затрыманне адбылося па адміністрацыйнай справе паводле артыкула арт. 24.23 КаАП за наяўнасць на старонках у сацыяльных сетках фотаздымкаў з пратэстаў 2020г. Праваабаронцы даведаліся, што за гэта Булаўскі быў асуджаны да 15 сутак арышту, але ў пачатку студзеня на волю ён так і не выйшаў.

Васіль Бераснеў, праваабаронца і лідар аршанскай філіі незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюзу РЭП, асуджаны да да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, нечакана знік з Менскага СІЗА. У гэтай установе ён мусіў знаходзіцца пасля суду, пакуль ідзе час абскарджання прысуду і пакуль не будзе прынята рашэнне наконт месца адбыцця пакарання. Праз колькі дзён праваабаронцы высветлілі, што 73-гадовага палітвязня перавялі ў Магілёў.

У судзе Ленінскага раёна Мінска ўжо месяц адбываецца разгляд крымінальнай справы супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе "Вясны" скончылася — агучаны ўсе 284 тамы. Хутка будуць: спрэчкі бакоў, апошнее слова абвінавачаных і агучаны прысуд.

Блогер Аляксандар Кабанаў распавёў, як адбывае пакаранне Віктар Бабарыка пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі №1. Пра гэта піша “Радыё Свабода”.

53-гадовага палітвязня з вёскі Сітцы Докшыцкага раёна судзілі ў закрытым рэжыме ў Віцебску за каментары ў сацыяльных сетках і намер паехаць ва Украіну ваяваць. Судовае пасяджэнне вёў суддзя Яўген Буруноў. Суд над палітвязням пачаўся яшчэ 4 лістапада, пасля быў перапынак на псіхічную экспертызу. Акрамя калоніі 4.5 гады, яму прысудзілі каля 7.000 рублёў штрафу. Трэба зазначыць, што пракурор прасіў 6 гадоў калоніі.