Як расказаў бацька Юліі Кашаверавай, 4 траўня абласны суд не задаволіў скаргу яго дачкі і прысуд пакінуў без зменаў. Рашэнне суду Кастрычніцкага раёну набыло законную моц. Паводле яго, Юлія мусіць адбыць паўтара года ў калоніі агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай у хуліганстве (ч.1 арт. 339 КК): дзяўчына нібыта пашкодзіла міліцэйскі бус, ударыўшы па ім нагой.
«На жаль, Юля застанецца за кратамі. У яе скарзе нават не ставілася пытанне зменшыць тэрмін пакарання, была толькі просьба змяніць меру стрымання, каб не была звязаная са знаходжаннем пад вартай. Але просьбу адхілілі...» – расказаў бацька палітзняволенай.
Ён паведаміў таксама, што 4 траўня на спатканні з Юліяй у СІЗА-2 пабывалі яе бабуля і брат. Сам бацька спаткаецца з дачкой 6 красавіка. Ён мяркуе, што ўжо ў другой палове траўня Юлю этапуюць у Гомельскую калонію.
Юлія Кашаверава знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 6 месяцаў.
Стала вядома, што Віцебскі абласны суд адхіліў таксама і скаргу яшчэ аднаго палітвязня – Арцёма Ісакава. 4 лютага суд Кастрычніцкага раёну прысудзіў хлопца да трох гадоў пазбаўлення волі за ўжыванне газавага балончыка падчас мірнага шэсця. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя як гвалт у дачыненні супрацоўнікаў унутраных спраў (арт. 364 КК).
Па стане на 5 траўня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 363 чалавекі.
Зміцер Міраш