Мэтай пікету было “інфармаваньне жыхароў гораду аб праве працоўных адстойваць свае сацыяльна-эканамічныя інтарэсы – у адпаведнасьці з Канстытуцыяй (арт.41 ч.3) і Канвэнцыіяй МАП №№ 87 і 98 аб абароне права на прафсаюз”. Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) працаўнікоў прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно” даручыў зладзіць пікет дваім палачанам – сябрам прафсаюзу. Ад іх імя і была 19 верасьня пададзеная заяўка ў Полацкі райвыканкам. Запрасілі да ўдзелу ў пікеце і прадстаўнікоў мясцовых уладаў.
Чыноўнікі ад удзелу ў пікеце адмовіліся
Празь 7 дзён быў атрыманы адказ намесьніка старшыні райвыканкаму Пятра Пяткевіча, у якім ён паведаміў арганізатарам, што “Полацкі раённы выканаўчы камітэт узгадняе правядзеньне масавага мерапрыемства…”
“Бюджэтнае фінансаваньне дадзенага пікету, удзел у ім прадстаўнікоў улады не прадугледжаныя, бо яго правядзеньне не ўваходзіць у плян мерапрыемстваў Полацкага райвыканкаму”, – патлумачыў чыноўнік.
Нагадаў таксама аб неабходнасьці заключыць дамовы зь міліцыяй, мэдыкамі і камунальнікамі.
Полацкія камунальнікі “папрасілі” тысячу даляраў…
Арганізатары пікету праз электронную пошту адправілі службам, якія маюць абслугоўваць мерапрыемства, свае праекты дамоваў. Запэўнілі, што абавязваюцца самастойна забясьпечыць абслугоўваньне паўгадзіннага пікету зь пяці чалавек і ў паслугах супрацоўнікаў міліцыі, ЖКГ і мэдустаноў ня маюць патрэбы.
Тым ня менш, пералічаныя службы даслалі ў адказ свае прайсы. І калі мэдыкі сьціпла папрасілі 22 рублі 50 капеек, то Полацкая ЖКГ ацаніла свае паслугі “па-багатаму”. Камунальнікі запатрабавалі аж 2 тысячы 20 рублёў, абгрунтаваўшы гэтую суму тым, што ў прыбіраньні тэрыторыі пасьля пікетоўцаў будуць задзейнічаныя 11 чалавек, якія будуць працаваць 8 гадзін, а таксама дзьве машыны і два сьмецьцевыя кантэйнэры!..
Міліцыя ж, у сваю чаргу, паведаміла, што “самастойнае забесьпячэньне аховы грамадзкага парадку падчас правядзеньня такіх масавых мерапрыемстваў заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжанае”. Кошт іх паслуг для пікету - 76 рублёў 50 капеек (тры базавыя велічыні).
Пікет перанесены на нявызначаны тэрмін
На такія ўмовы арганізатары пікету не пагадзіліся і дамовы з дзяржустановамі не падпісвалі. За 10 хвілін да пачатку меркаванага пікету арганізатары накіравалі ў райвыканкам ліст з просьбай перанесьці дату пікету “на нявызначаны тэрмін да ліквідацыі рознагалосься па аплаце паслуг”.
Арганізатары адзначаюць, што ў заяўлены час на месцы меркаванага пікету дзяжурыла ўсё-такі брыгада хуткай дапамогі…
Хуткая дапамога на заяўленым месцы пікетаваньня
Аляксандар Марозаў
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!
Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.