Аўторак, 12 Люты 2019

Віцебскі гарвыканкам зьмяніў парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў

Ацаніць гэты матэрыял
(19 галасоў)
Віцебск: мірны сход ў лютым 2017 г. Марш недармаедаў Віцебск: мірны сход ў лютым 2017 г. Марш недармаедаў

У Віцебску зьмяніўся парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Гэта вынікае з адказу, які атрымаў на свой зварот да гарадзкіх уладаў праваабаронца Леанід Сьвецік. 

У звароце праваабаронца прапанаваў унесьці зьмены ў мясцовы нарматыўны прававы акт, які рэгуляваў падрыхтоўку і правядзеньне масавых мерапрыемстваў у межах Віцебску. У прыватнасьці, выказаў прапанову павялічыць колькасьць дазволеных і прыдатных для правядзеньня масавых мерапрыемстваў месцаў, дадаўшы да трох існых новыя пляцоўкі.

Таксама прапанаваў скасаваць патрабаваньне, згодна зь якім заяўнікі, яшчэ да прыняцьця мясцовымі ўладамі рашэньня наконт правядзеньня мерапрыемства, былі абавязаныя заключаць дамовы на ахову грамадзкага парадку, прыбіраньне тэрыторыі і аказаньне мэдычнай дапамогі.

З рашэньня №881 прыбралі пункт №3

Улады паведамілі грамадзкаму актывісту, што 18 студзеня 2019 году Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэньне № 56  “Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у рашэньне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 10 ліпеня 2009 г. №881”.

Дадзеным рашэньнем пункт аб неабходнасьці дамоваў на абслугоўваньне масавага мерапрыемства быў скасаваны.      

Сапраўды, згодна з унесенымі зьменамі, з рашэньня гарвыканкаму №881 ад 10 ліпеня 2009 году быў выключаны пункт тры. Якраз у ім раней вызначалася, што ў выпадках, калі мерапрыемства адбывалася без удзелу органаў дзяржаўнай улады, арганізатары мерапрыемства павінны былі пракласьці да заявы аб правядзеньні мерапрыемства дамовы з УУС аблвыканкаму (альбо з аддзелам УС адміністрацыі раёну, на тэрыторыі якога меркавалася праводзіць мерапрыемства), з упраўленьнем аховы здароўя аблвыканкаму і прадпрыемствам “Віцебская ЖКГ”. 

Другая зьмена закранула п.4 вышэйзгаданага рашэньня. Гэты пункт дапоўнілі ўсяго адным словам – “паведамленьні”. Цяпер гучыць так: “Устанавіць, што Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт разглядае заявы (паведамленьні) аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў, калі масавае мерапрыемства мяркуецца праводзіць на тэрыторыі некалькіх раёнаў гораду Віцебску. Адміністрацыі раёнаў гораду Віцебску разглядаюць заявы аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў, калі масавае мерапрыемства мяркуецца праводзіць на тэрыторыі адпаведнага раёну гораду Віцебску”.

Прапанова правабаронцы павялічыць колькасьць дазволеных месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў падтрымкі не атрымала.

“Пунктам 2 рашэньня гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году №881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску” ў кожным раёне г Віцебску вызначанае пастаяннае месца правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе. Неабходнасьць зьменаў у частцы вызначэньня іншых месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў адсутнічае, – абазначыў пазыцыю ўладаў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын.

“Зьмены абнадзейваюць. Але як будзе на практыцы?..”

“Зьмены рашэньня мясцовых уладаў адносна арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, якіх чакалі і дамагаліся віцебскія праваабаронцы і грамадзкія актывісты, адбыліся. Гэта абнадзейвае і надае пэўнага аптымізму тым грамадзянам, якія зацікаўленыя ў ажыцьцяўленьні права на публічнае выказваньне сваіх палітычных поглядаў і грамадзянскай пазыцыі.

Як будуць працаваць гэтыя, на першы погляд, лібэральныя папраўкі ў рэчаіснасьці – пабачым ужо неўзабаве”, – камэнтуе зьмены мясцовага прававога акту праваабаронца Леанід Сьвецік

Лявон Яфрэменка

Залагініцца каб дадаць камэнтары