Нагадаем, масавая акцыя пратэсту была накіраваная супраць так званага “дармаедзкага” дэкрэту №3. Ён абавязваў грамадзян, якія афіцыйна не працуюць, плаціць дармаедзкі падатак (тады – 360 рублёў).
Сяргей Іваноў (прозьвішча і імя зьмененыя) у 2017 годзе меў працу на дзяржаўным прадпрыемстве, таму “ліст шчасьця” да яго не прыйшоў. Тым ня менш, ён выйшаў на цэнтральную плошчу гораду, каб выказаць нязгоду і абурэньне.
– Сяргей, навошта ты прыйшоў туды, калі ня быў “дармаедам”?
– Проста я зразумеў, што ўлада канчаткова страціла сумленьне і спрабуе лапіць дзіркі ў бюджэце і выпраўляць уласныя памылкі за кошт простых людзей. Насамрэч, проста лопнула цярпеньне. Яно было занадта доўгім…
– Ці лічыш тыя акцыі ўдалымі?
– Так, з пункту гледжаньня таго, што ўлады ўбачылі: народ здольны выйсьці на вуліцу і запатрабаваць павагі да сябе і свайго меркаваньня. Было прыемна бачыць, што ёсьць людзі, гатовыя выйсьці, людзі, якія не пабаяліся рэпрэсіяў з боку ўладаў. Гэта пры тым, што дзеяньні ўладаў маглі быць цалкам непрадказальнымі.
– Калі гэта так, дык чаму тады “маршы” спыніліся?
– Мяркую, стыхійны выхад на вуліцу звычайных людзей, хай нават і шчыра зацікаўленых у такіх пратэстах, наўрад ці можа трываць доўга. Каб такі пратэст быў працяглым, мусіла існаваць нейкае ядро актывістаў, якое, праяўляючы стойкасьць, паказала б, што ня трэба зьмяншаць актыўнасьць, а наадварот – трэба ўзмацняць.
– Вясна набліжаецца. Як думаеш, ці ў 2019-м пратэст паўторыцца?
– Любыя акцыі, скіраваныя на адстойваньне інтарэсаў большасьці грамадзян, маюць сэнс, бо ў грамадзян няма іншай магчымасьці выказаць сваю пазыцыю. І ўлады ўвесь час даюць падставы для абурэньня. Узяць хоць бы гісторыю з Берасьцейскім заводам акумулятараў... Сёлета “дармаедзкі” дэкрэт набыў новае аблічча “няўдзельнікаў у эканоміцы”, грамадзянам прапануецца аплачваць камунальныя паслугі па падвышаным тарыфе. У сакавіку прыйдуць “пацяжэлыя” жыроўкі, і цалкам магчыма, што выбухнуць новыя стыхійныя пратэсты.
– Ці зноў возьмеш удзел у маршы “дармаедаў”?..
– Натуральна. Успрымаю гэта як абавязак любога сумленнага грамадзяніна.
Размаўляў Уладзімер Бяляўскі