На ўсіх удзельнікаў быў толькі адзін чырвоны сьцяг. Яго прынесьлі маладыя людзі, якія зьявіліся каля Леніна за паўгадзіны да пачатку імпрэзы.
Адзін зь іх, Сяргей, запэўніў, што яны ня маюць ніякага дачыненьня ані да партыяў, ані да афіцыйных левых арганізацыяў.
“Верым у дыктатуру пралетарыяту”
“Мы самаарганізаваныя. Ідэйныя. Я ня веру ў афіцыёз. Узяць БРСМ: яны лічаць сябе пераемнікамі камсамолу, але іх – дзе яны? – няма! Будзе каманда зьверху – прыйдуць. Але сёньня іх няма”, – сказаў Сяргей, гісторык па адукацыі і пралетарый паводле перакананьняў (раней працаваў у забойным цэху на мясакамбінаце).
Маладзёны з чырвоным сьцягам фоткаліся ды сэлфіліся каля Леніна
Маладыя людзі прызналіся, што вераць у дыктатуру пралетарыяту і клясавую барацьбу, якая, на іх думку, нікуды ня зьнікла і ў XXI стагодзьдзі.
“Глядзіце, гэтая барацьба дзяржавы супраць самазанятых, так званых дармаедаў, таксама ёсьць праявай клясавай барацьбы”, – кажа Сяргей.
Сяргей Лічыць сябе сапраўдным пралетарыем і кажа, што правы чалавека - гэта "буржуазная катэгорыя"...
Гаворыць, што да дэкрэта “аб дармаедзтве” ставіцца вельмі адмоўна (“Гэта ж барацьба супраць пралетарыяту, супраць працоўных”). Ён лічыць, што пралетарская рэвалюцыя цалкам магчымая і ў век інфармацыйных тэхналёгіяў: трэба вось толькі ўзьняць клясавую самасьвядомасьць масаў…
Дзядзінкін: Справа Леніна жыве!..
Бліжэй да 11.00 на плошчы Леніна зьявіліся прадстаўнікі афіцыйнай кампартыі Беларусі (КПБ), а таксама прыхільнікі апазыцыйна настроенай левай партыі “Справядлівы сьвет”. Усёй гурмой пасунуліся да Леніна і правялі невялікі мітынг. Ад імя Віцебскага абкаму КПБ выступіў яго першы сакратар Аляксандар Дзядзінкін.
Падчас імправізаванага мітынгу на плошчы Леніна
“Прайшоў 101 год, але справа Леніна жыве. Жыве ў нашых сэрцах, у сэрцах людзей, якія памятаюць зьдзяйсьненьні вялікага кастрычніка. Вялікі Ленін, вялікі кастрычнік падаравалі ўсяму сьвету мір на зямлі. Пра гэта ва ўчорашнім пасланьні казаў Аляксандар Лукашэнка. Сапраўды, вялікі кастрычнік зраўняў у правох усіх. Людзі атрымалі права на жыцьцё, на свабоду слова, на працу і адпачынак – тыя набыткі, якія і сёньня мы шануем і якімі сёньня ганарымся…” – сказаў Дзядзінкін.
Ці ахоўваецца ў нас Ленін?..
Сваёй атмасфэрай імпрэза нагадвала больш хаўтуры, чым сьвята. Маладыя людзі са сьцягам адстаялі ўвесь мітынг убаку.
Падчас імпрэзы 7 лістапада ў Віцебску
Калі Дзядзінкін прапанаваў ужо ўскласьці кветкі да падножжа правадыра, наперад нечакана выйшаў старшыня абласной арганізацыі партыі “Справядлівы сьвет” Мікалай Селівашка і таксама пачаў віншаваць грамаду. Але на палове прамовы быў спынены першым сакратаром абкаму КПБ: “Мы не на мітынгу “Справядлівага сьвету”, ня псуйце нам сьвята”. “Мы ж таксама камуністы!” – адрэагаваў Селівашка, але паразуменьня ў апанэнтаў не знайшоў (“Ніякія вы не камуністы!”)
Мікалаю Селівашку ўдалося-такі выступіць на мітынгу
Зь людзей, якія хацелі ўскласьці кветкі Леніну, утварылася нават невялікая чарга. З пазнавальных у горадзе асобаў былі заўважаныя старшыня гарадзкога савету вэтэранаў Ларыса Аленская, дырэктарка Віцебскага мастацкага музэю Вольга Акуневіч, другі сакратар абласнога камітэту КПБ Канстанцін Гіруцкі ды іншыя.
А вось міліцыянтаў у форме на плошчы Леніна падчас мітынгу мы не заўважылі. Характэрныя асобы ў цывільным адзеньні зьявіліся толькі напрыканцы імпрэзы, калі паміж прыхільнікамі “Справядлівага сьвету” і КПБ ледзь не дайшло да мардабою.
Адзін з камуністаў (“Я прыехаў з Луганску, я ўсё ведаю!..”) нешта вельмі агрэсіўна даводзіў Мікалаю Селівашку, але той стаяў трывала, рыхтык як чыгунны Ленін за сьпіной. Скончылася ўсё мірна.
Дарэчы, што да Леніна. Шыльдачка зь інфармацыяй аб тым, што помнік ахоўваецца дзяржавай, якая раней была прымацаваная да пастамэнту з боку філярмоніі, некуды зьнікла. Дык Ленін ахоўваецца ў нас? Ці ўжо не?..
Зьміцер Міраш, фота аўтара