Як вядома, праблема ўцекачоў, што ўзмацнілася апошнімі гадамі ў сувязі з ваеннымі канфліктамі ў Сырыі і ва Ўсходняй Украіне, найбольш востра стаіць перад краінамі Эўрапейскага Зьвязу. Але не надта адстае ў гэтым сэнсе і Беларусь. Нашу краіну таксама не абмінула гэтая цяжкавырашальная задача. Асноўную частку ўцекачоў, якія знаходзяцца ў Беларусі, складаюць выхадцы з Украіны. Але апошнім часам намеціўся новы і вельмі нечаканы для многіх нашых грамадзян трэнд. Усё большая колькасьць уцекачоў, якія прыяжджаюць у Беларусь, зьяўляюцца грамадзянамі Расеі, якія бягуць з Паўночнага Каўказу і Чачэніі.
Асноўнай мэтай чачэнцаў зьяўляюцца краіны Эўрапейскага Зьвязу. Праяжджаючы транзытам празь Беларусь, многія тут і асядаюць, бо ўлады Польшчы не гараць жаданьнем іх прапускаць на сваю тэрыторыю. Таму значная частка чачэнскіх сем'яў застаюцца на доўгі, а мо і пастаянны час у Берасьці. На думку экспэртаў, колькасьць іх складае ад 1000 да 3000 чалавек. Большасьць зь іх – гэта ахвяры катаваньняў, незаконных затрыманьняў, выкраданьняў, гвалту і самавольства ўладаў. Афіцыйныя ўлады Беларусі таксама ня надта хочуць займацца чачэнскімі ўцекачамі. Ім прасьцей іх не заўважаць. Тым больш, што Беларусь і Расею зьвязваюць цесныя палітычныя сувязі. У выніку ўцекачы застаюцца са сваімі праблемамі сам-насам.
І толькі нешматлікія грамадзкія арганізацыі і праваабарончыя ініцыятывы імкнуцца хоць неяк ім дапамагчы. Напрыклад, Human Constanta – бестэрміновая місія, якая складаецца з праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў, і мэтай стварэньня якой зьяўляецца аказаньне дапамогі грамадзянам Расейскай Фэдэрацыі, якія едуць транзытам празь Беларусь, каб запытаць прытулак у Польшчы. Але паколькі плынь уцекачоў не зьмяншаецца, і працы станавіцца ўсё больш і больш, працаўнікі місіі былі вымушаныя зьвярнуцца па дапамогу да ўсіх ахвотных і абвясьцілі пра набор стажораў на бязвыплатнай аснове. Асноўным абавязкам стажора будзе дапамога юрысту і выкананьне розных рутынных заданьняў: кансультаваньне шукальнікаў прытулку па пытаньнях атрыманьня статусу ўцекача, падрыхтоўка заяваў на атрыманьне статусу ўцекача, праверка інфармацыі, анкетаваньне і іншая праца. Са свайго боку прадстаўнікі місіі могуць толькі аплаціць праезд і пражываньне. Ахвотныя ўзяць удзел могуць знайсьці больш інфармацыі на афіцыйнай старонцы Human Constanta ў Фэйсбуку.
Уладзімер Бяляўскі