Серада, 22 Сакавік 2017

У Віцебску зьявіцца цэнтар утрыманьня незаконных мігрантаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Віцебскі цэнтар будзе адной з трох установаў такога кшталту, якія будуць створаныя ў краіне. У цэнтры будуць знаходзіцца іншаземныя грамадзяне, якіх чакае дэпартацыя з тэрыторыі Беларусі.

Упраўленьне наглядна-выканаўчай дзейнасьці Міністэрства ўнутраных справаў ужо падабрала памяшканьне для будучага цэнтру, але створаны ён будзе не раней за 2018 год, бо трэба шмат часу для вырашэньня арганізацыйных момантаў.

«Пытаньнямі стварэньня цэнтраў для часовага ўтрыманьня незаконных мігрантаў зь ліку замежных грамадзян зараз займаецца адмысловая працоўная група, куды ўваходзяць супрацоўнікі МУС і беларускага прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. Падкрэсьлю: цэнтры будуць прызначаныя выключна дзеля ўтрыманьня іншаземцаў, што чакаюць дэпартацыю, а не дзеля разьмяшчэньня ўцекачоў», – патлумачыў у інтэрвію агенцтву БелТА Ігар Шуневіч, міністар унутраных справаў.

Ён распавёў, што цягам мінулага году органы МУС раскрылі 69 злачынстваў, зьвязаных з арганізацыяй нелегальнай міграцыі. Яшчэ 319 выяўленых злачынстваў тычыліся парушэньня тэрмінаў забароны на ўезд у Беларусь. У 2016 годзе 2332 замежнікі былі дэпартаваныя, і больш як 8 тысяч чалавек унесеныя ў сьпіс асоб, чый уезд у краіну непажаданы ці забаронены.

Кастусь Дзьвінскі