Ад пачатку мясцовыя ўлады прапаноўвалі назваць тры новыя вуліцы ў будучых Чаромушках у гонар Валянціна Міхельсона (сакратар Віцебскага гаркаму кампартыі), камандзіра авіяпалку Рыгора Багамазава і газеты «Віцьбічы». Тады прапанаваныя варыянты многім гараджанам прыйшліся не да спадобы. Ці не найбольшае абурэнне выклікала назва, звязаная з газетай «Віцьбічы». Кіраўнік абласной філіі партыі БНФ Кастусь Смолікаў наагул заяўляў, што яму шкада людзей, якія будуць жыць на вуліцы з такой назвай.
У інтэрнэце была створаная петыцыя, якую падпісалі 538 чалавек. Аўтары прапанавалі свае 9 варыянтаў наймення новых вуліц, сярод якіх былі і вуліцы Жарэса Алфёрава, Васіля Быкава, Казіміра Малевіча ды іншыя. З тых варыянтаў чыноўнікі ўзялі толькі прапанову назваць адну з вуліц у гонар Жарэса Алфёрава, назву «газеты Віцьбічы» пакінулі, дадалі новы варыянт – вуліцу Міхаіла Савіцкага.
Якім прынцыпам яны кіраваліся і чаму абралі менавіта такія варыянты, у апублікаваным рашэнні не тлумачыцца.
Таццяна Севярынец: газета «Віцьбічы» не заслугоўвае гэтага
«Што такое газета «Віцьбічы»? Гэта рупар аблвыканкаму і гарвыканкаму. Я памятаю, як мы звярталіся да іх з праблемай смеццеперапрацоўчага камбінату. Я ім прапаноўвала гэтую тэму, а яны адказалі, маўляў, мы друкуем толькі тое, што нам загадваюць. Як жа гэтай газеце даваць назву цэлай вуліцы? Яна не заслугоўвае гэтага. Яна не адлюстроўвае праблемы і надзеі простых людзей», – пракаментавала рашэнне ўладаў актывістка партыі БХД Таццяна Севярынец.
На яе думку, калі казаць пра Віцебск, ёсць шмат годных імёнаў, якія неабходна ўшанаваць у назвах вуліц гораду: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і многія іншыя.
«Алфёраў – гэта навуковец, гэта фізік. Гэта для спецыялістаў, а Быкаў – для ўсіх. Для тых жа фізікаў і для хімікаў. Быкаў – для ўсіх. Таму што Быкаў – гэта сумленне Беларусі. Быкаў – гэта праўда пра вайну, Быкаў – гэта мова. Гэта сапраўдны беларус. Калі нам столькі гадоў убівалі ў галовы, што мы рускія са знакам якасці ці, наадварот, без знака якасці… А Быкаў кажа – не, і не дае забыцца на тое, што тычыцца ўвасаблення сапраўднага беларуса», – кажа актывістка.
У свой час Таццяна Севярынец разам з паплечнікамі збірала подпісы за перайменаванне абласной бібліятэкі імя Леніна ў гонар Васіля Быкава. Але ініцыятыва не знайшла водгуку ў мясцовага кіраўніцтва.
Уладзімір Бяляўскі