Субота, 08 Сакавік 2014

Доктар Ігар Пастноў скардзіцца на ўлады Беларусі ў Камітэт ААН па правох чалавека

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Скарга Ігара Пастнова ў КПЧ датычыць судовага рашэньня наконт накіраваньня яго на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычную клініку. Доктар Пастноў лічыць, што падчас суду ў дачыненьні да яго асобы было парушана адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.

Віцебскаму “лекару-праўдарубу”, якога гвалтам накіравалі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне неўзабаве пасьля чарговага відэавыступу з крытыкай мясцовых уладаў і сыстэмы аховы здароўя, не ўдалося абскардзіць рашэньне раённага суду, вынесенае судзьдзёй Тацьцянай Дзегцяровай. Ягоныя сьведчаньні пра тое, што ў судзе не прысутнічалі ні ён сам, ні адвакат, да паслуг якога адміністрацыя псыхіятрычнага шпіталю наогул не дазволіла зьвярнуцца, не былі прынятыя Віцебскім абласным і Вярхоўным судамі.

Ігар Пастноў лічыць, што зьмяшчэньне ў вар’ятню было абумоўлена палітычнымі прычынамі – тым, што ён наважыўся на аб’ектыўную крытыку асоб, надзеленых уладай, у тым ліку старшыні Віцебскага аблвыканкаму. Прымусовае псыхіятрычнае лячэньне ён лічыць расправай за вальнадумства і грамадзянскую пазыцыю. Паколькі ён сам лекар-псыхіятар паводле спэцыяльнасьці, то выказвае сумневы і ў правільнасьці псыхіятрычнага дыягназу, які яму паставілі.

Падкрэсьліваючы, што суды праігнаравалі ягонае права на незалежнае і аб’ектыўнае судовае разьбіральніцтва, ён просіць Камітэт ААН па правох чалавека прыняць ягоны зварот да разгляду, прызнаць яго абгрунтаваным, а дзяржаву, Рэспубліку Беларусь, прызнаць парушальніцай шэрагу артыкулаў і пунктаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох ды абавязаць улады Беларусі кампэнсаваць яму судовыя выдаткі і маральную шкоду.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"