Камітэт прызнаў, што ўлады Беларусі парушылі частку 2 артыкулу 19 (права на выказваньне свайго меркаваньня) і артыкул 21 (права на мірныя сходы) міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, які Рэспубліка Беларусь падпісала і абавязалася выконваць. Гэтакага прызнаньня парушэньня яго правоў з боку інстытуту ААН Сяргей Каваленка мусіў чакаць больш за 5 гадоў (скарга ў КПЧ была пададзеная ім ў траўні 2008 году), а самі падзеі, якія сталі прычынай скаргі, адбыліся 6 гадоў таму – на Дзяды 2007 году.
Тады Сяргей Каваленка браў удзел у шэрагу акцыяў дэмакратычных актывістаў. Адна з такіх акцыяў – грамадзянская паніхіда ў памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў, ладзілася на месцы масавых расстрэлаў ў 1930-1940-я гады ля вёскі Паляі. У паніхідзе бралі ўдзел каля трох дзясяткаў чалавек.
Удзельнікі цырымоніі ў памяць невінаватых ахвяр камунізму плянавалі ўсталяваць крыж у лесе ля Паляёў, а пасьля наведаць могілкі ў ваколіцах вёсак Копці і Вароны. Але да могілак так і не даехалі: у справу ўмяшаўся маёр міліцыі Ліленка, які перапыніў паніхіду і абвясьціў, што ўсе прысутныя затрымліваюцца ў сувязі з правядзеньнем імі несанкцыянаванага пікетаваньня.
На аўтобусе, нанятым арганізатарамі мерапрыемства, усіх адвезьлі ў аддзел унутраных спраў Віцебскага раёну, былі складзеныя пратаколы, а на наступны дзень адбыўся суд, які пакараў штрафамі пяцярых удзельнікаў мерапрыемства, у тым ліку Сяргея Каваленку: ён быў пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічынь – на той час гэта складала 620 тысяч рублёў (каля 200 эўра паводле тагачаснага курсу).
Сяргей Каваленка абскардзіў рашэньне суду Віцебскага раёну. Але ані Віцебскі абласны, ані Вярхоўны суд не пачулі ягоных аргумэнтаў, што ён ня быў сярод арганізатараў, а толькі ўдзельнікам мерапрыемства, што само мерапрыемства – грамадзянская паніхіда – гэта не пікетаваньне, а хрысьціянскі рытуал, што ўдзельнікі паніхіды ня ладзілі якой-кольвек палітычнай, сацыяльнай або эканамічнай імпрэзы, таму зьвяртацца па дазвол на яе правядзеньне да ўладаў не было неабходнасьці. На думку беларускіх судзьдзяў, правы Сяргея Каваленкі парушаныя не былі…
Але цяпер Камітэт ААН па правох чалавека прыняў іншае рашэньне. У сваёй пазыцыі па справе, апублікаванай надоечы, камітэт адзначае, што права на выказваньне свайго меркаваньня і права на мірныя сходы, сапраўды, могуць быць абмежаваныя ў шэрагу выпадкаў: калі гэткія абмежаваньні прадугледжаныя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадзтве дзеля аховы нацыянальнай бясьпекі ці грамадзкага ладу, здароўя ці маральных звычаяў насельніцтва, аховы і правоў іншых людзей.
У выпадку зь Сяргеем Каваленкам дзяржава не змагла даказаць, што абмежаваньні яго правоў, хаця яны і прадугледжаныя законам, былі прымененыя дзеля дасягненьня названых мэтаў. Таму, згодна зь меркаваньнем экспэртаў камітэту, яго права на выказваньне свайго меркаваньня і права на мірныя сходы, былі абмежаваныя беспадстаўна.
Нагадаем, паўгады таму Камітэтам ААН па правох чалавека была разгледжаная іншая справа Сяргея Каваленкі, якая тычылася прыцягненьня яго да крымінальнай адказнасьці за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу на вершаліне каляднай елкі ў студзені 2010 году. Тады КПЧ ня змог адказаць, ці былі парушаныя правы актывіста КХП-БНФ, і ягоны зварот у камітэт быў прызнаны «непрымальным у адпаведнасьці з артыкулам 2 Факультатыўнага пратаколу».