Віцебскаму “лекару-праўдарубу”, якога накіравалі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, не ўдалося абскардзіць рашэньне раённага суду, вынесенае судзьдзёй Тацьцянай Дзегцяровай. Ягоныя сьведчаньні пра тое, што ў судзе не прысутнічалі ні ён сам, ні адвакат, да паслуг якога адміністрацыя псыхіятрычнага шпіталю наогул не дазволіла зьвярнуцца, не былі прынятыя ні Віцебскім абласным, ні Вярхоўным судамі.
Падкрэсьліваючы, што суды праігнаравалі ягонае права на незалежнае і аб’ектыўнае судовае разьбіральніцтва, ён просіць Камітэт па правох чалавека ААН прыняць ягоны зварот да разгляду, прызнаць яго абгрунтаваным, а дзяржаву, Рэспубліку Беларусь, прызнаць парушальніцай шэрагу артыкулаў і пунктаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох і абавязаць яе кампэнсаваць судовыя выдаткі і маральную шкоду.
У адказе з КПЧ Ігару Пастнову паведамілі, што ягоны зварот ад 22 лютага 2014 году зарэгістраваны 21 сакавіка 2014 году. І што копія ягонага допісу даслана беларускаму ўраду. Ігару Пастнову будзе паведамлена, што беларускі бок адкажа КПЧ ААН, каб лекар меў магчымасьць для адказу ці наступных камэнтароў.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"