Серада, 13 Сакавік 2019

Аршанцы пачалі самі зафарбоўваць наркаграфіці на сьценах – міліцыя ня супраць

Ацаніць гэты матэрыял
(10 галасоў)
Зафарбаванае наркаграфіці ў Воршы, фота: orsha.eu Зафарбаванае наркаграфіці ў Воршы, фота: orsha.eu

На барацьбу супраць рэклямы наркакрамаў мабілізавалася грамадзтва, паведамляе рэгіянальны партал orsha.eu. Адзін з жыхароў Воршы набыў за ўласныя сродкі фарбу і выйшаў на вуліцу з пэндзьлем – зьнішчыў ужо некалькі дзясяткаў небясьпечных надпісаў.

Рэсурс удакладняе, што аршанец Андрэй, перад тым як зафарбоўваць рэклямныя графіці, зьвярнуўся да камунальнікаў (“Воршакамгас”) і ў міліцыю. Абедзьве інстанцыі адказалі, што ня будуць супраць, калі людзі самастойна пачнуць замалёўваць графіці.

Рэклямныя графіці інтэрнэт-крамаў продажу забароненых рэчываў зьявіліся ў Воршы яшчэ восеньню мінулага году. Іх колькасьць зь цягам часу павялічылася. Міліцыя ня можа даць рады нелегальным графіцістам. Камунальнікі таксама не пасьпяваюць зафарбоўваць надпісы на сьценах.

Новыя графіці ў Віцебску

У Віцебску на пачатку 2019 году таксама назіралася нашэсьце наркарэклямы. Мясцовыя актывісты і неабыякавыя гараджане падавалі шматлікія заяўкі ў службу 115, пісалі электронныя звароты, абзвоньвалі дзяржструктуры. Графіці крыху паменела. Але, як піша тэлеграм-канал “Віцебск на далоні”, “мафія ня сьпіць і працягвае гуляць у сваю гульню”. У Віцебску пачалі зьяўляцца трафарэтныя надпісы з прапановай працы за вялікія грошы.

“Прапануюць працу з заробкам 2000 рублёў, але ня пішуць, што тэрмін пазбаўленьня волі за такую працу можа складаць 15 гадоў”, – заўважае аўтар паведамленьня на тэлеграм-канале.

 

Фота: "Віцебск на далоні"

На пачатку сакавіка бацькі асуджаных па наркатычным артыкуле 328 папярэджвалі віцяблян:

“Памятайце! Праца кур’ерам падпадае пад крымінальную адказнасьць, якая наступае ад 14 гадоў (!), кваліфікуецца як злачынства, зьдзейсьненае ў складзе міжнароднай арганізаванай злачыннай групы і караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці (артыкул 328, ч. 3-5 КК РБ)”.

Залагініцца каб дадаць камэнтары