Аўторак, 05 Сакавік 2019

Віцябляне хацелі зьмяніць лёзунг на “доме-подзьвігу”. Вось што ім адказалі

Ацаніць гэты матэрыял
(20 галасоў)
Дом з лёзунгам на пл. Перамогі ў Віцебску Дом з лёзунгам на пл. Перамогі ў Віцебску

Больш за паўсотню віцяблян падпісалася пад зваротам у Віцебскі гарвыканкам з просьбай замяніць лёзунг на доме па Маскоўскім праспэкце, 8 на плошчы Перамогі. Замест надпісу “Подвиг советского народа бессмертен” прасілі ўсталяваць лёзунг “Подзьвіг беларускага народа несьмяротны”. Атрымалі натхнёную адмову...

Намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын адказаў, што “надпіс “Подвиг советского народа бессмертен” цалкам адпавядае гістарычнай рэчаіснасьці і яго зьмяненьне немэтазгоднае”.

Паведаміў таксама, што ўрачыстае адкрыцьцё плошчы адбылося адначасова з адкрыцьцём мэмарыяльнага комплексу (у народзе – “Тры штыкі”) ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў 30 чэрвеня 1974 году. І што “дадзены надпіс нагадвае тысячам гасьцей і жыхарам гораду пра непарушную інтэрнацыянальную згуртаванасьць воінаў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў у вызваленьні Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Чыноўнік згадаў, што ўдзельнікамі вызваленьня Віцебшчыны былі ня толькі беларусы, але і рускія, украінцы, літоўцы, эстонцы, таджыкі, армяне, азэрбайджанцы, малдаване ды іншыя, а ва ўзброеных сілах СССР служылі прадстаўнікі 151 нацыі і народнасьці.  

Плошча Перамогі – гэта целасны (менавіта так у адказе – празь “е” - ВВ) архітэктурны ансамбаль, дзе кожны элемэнт адзначаецца яснасьцю ўспрыманьня, мае глыбокі сэнс і асаблівае значэньне. Сьветлавы надпіс “Подвиг советского народа бессмертен” на доме №8 па Маскоўскім праспэкце зьяўляецца непадзельнай часткай плошчы Перамогі”, – гаворыцца ў  адказе на калектыўны зварот.

“Вялікая Перамога – гэта найважнейшая духоўная каштоўнасьць, маральны арыентыр для ўсіх пасьляваенных пакаленьняў, якія выхоўваюцца на ідэалах сяброўства, братэрства і добрасуседзтва”, – піша Віктар Глушын.

На гэтай падставе лічыць, што зьмяняць лёзунг – немэтазгодна.

"Яны баяцца нешта мяняць..."

Адзін з аўтараў калектыўнага звароту віцяблянін Мікола Качурэц, камэнтуючы адмову, кажа, што іншага адказу і не чакаў: “Бо ва ўладзе сядзяць зараз людзі, выхаваныя ў традыцыях старой бальшавіцкай гвардыі. І няважна, колькі ім гадоў. Яны папросту баяцца нешта мяняць”.

Даўгі дзевяціпавярховы дом на плошчы Перамогі ў Віцебску (Маскоўскі пр-т, 8) быў пабудаваны ў 1967 годзе. Стаў першым у горадзе вышынным жылым домам зь ліфтам і сьмецьцеправодам. У народзе яго называлі “баянам” ці проста “домам-подзьвігам”.

Нагадаем, што раней мясцовыя ўлады адмовіліся разглядаць пытаньне аб перайменаваньні віцебскай “ленінкі” ў бібліятэку імя Васіля Быкава.

Зьміцер Міраш

Залагініцца каб дадаць камэнтары