“У цяперашні час у нашай краіне пачасьціліся выпадкі масавага ўцягваньня школьнікаў і моладзі ў наркабізнэс шляхам працаўладкаваньня ў якасьці кур’ера (закладчыка) ў інтэрнэт-крамы, якія спэцыялізуюцца на продажы псыхаактыўных рэчываў. Запрашэньні прыходзяць як праз прыватныя паведамленьні ў сацсетках і мэсэнджэрах, так і праз навочную рэкляму адрасоў на прыпынках грамадзкага транспарту і фасадах дамоў”, – гаворыцца ва ўлётцы.
“Памятайце! Праца кур’ерам у дадзеным выпадку падпадае пад крымінальную адказнасьць, якая наступае ад 14 гадоў (!), кваліфікуецца як злачынства, зьдзейсьненае ў складзе міжнароднай арганізаванай злачыннай групы і караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці (артыкул 328, ч. 3-5 КК РБ)”, – папярэджваюць актывісты.
“Будзьце пільныя! Беражыце сябе і сваіх блізкіх!” – заклікаюць “Маці-328”.
Актывістка Натальля Шарыпа кажа, што бацькі асуджаных паводле арт. 328 будуць раздаваць такія ўлёткі штодзень, бо дзяржава не дае рады з засільлем наркарэклямы ў беларускіх гарадах.
Натальля паведаміла таксама, што падобныя ўлёткі будуць разасланыя ў розныя дзяржустановы, у прыватнасьці ў Віцебскі аблвыканкам і гарадзкія аддзелы адукацыі, з просьбай аб дапамозе ў распаўсюдзе інфармацыі.
“Застаючыся абыякавымі і адпраўляючы за краты маладых людзей, якія аднойчы памыліліся, мы дазваляем “квітнець” сапраўднаму наркабізнэсу”, – мяркуюць удзельнікі "Руху маці 328".
Нагадаем, што нядаўна актывісткі зьвярнуліся да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі ды іншых высокапастаўленых чыноўнікаў з адкрытым лістом.
Зьміцер Міраш, фота аўтара