Паводле ягонага паведамлення ў сацыяльных сетках, прэзентацыя зборніка вершаў, названага «Анталогіяй беларускай патрыятычнай паэзіі», адбудзецца 13 студзеня. Укладальнік называе яго «першым зборнікам беларускіх паэтаў у падтрымку СВО». Колькасць аўтараў – каля 60-ці, але іх імёны Віталь Шлабовіч не называе. Звяртае на сябе ўвагу вокладка зборніка: паводле першапачатковага варыянта, на ёй быў контур Беларусі са здымкам вяскавых хат усярэдзіне, але кніга выйшла з друку зусім у іншым выглядзе – з узброенымі вайскоўцамі на вокладцы.

У розных установах горада цягам арошніх двух тыдняў адбываюцца сустрэчы з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Святланай Адзінцовай. Гэтыя сустрэчы назвалі «Школай падвышэння палітычнай пісьменнасці», і прысвечаныя яны лютаўскім выбарам. Сцэнар «урокаў» паўтараецца з разу ў раз: дэпутатка расказвае пра змены ў выбарчай сістэме, а старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч – пра паспяховае развіццё Полацк, якое наладжваецца ў тым ліку і пры дапамозе дзейных дэпутатаў.

У так званы «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў РБ» ўключылі сацыяльныя старонкі ксяндза Вячаслава, які служыў у расонскім касцёле, але быў вымушаны пакінуць Беларусь, бо трапіў пад ціск сілавікоў. У «экстрэмісцкія матэрыялы» трапілі Youtube-канал "Ксёндз Барок", Telegram-канал "Ксёндз Барок" і асабістая старонка Вячаслава Барка у Фэйсбуку. Адпаведнае рашэнне прыняў 25 снежня мінулага года суд Чыгуначнага раёна Віцебска.

У эканоміцы Віцебскай вобласці ў лістападзе 2023 года было занята 457,3 тыс. чалавек. На пачатку бягучага года гэты паказчык складаў 465, 8 тысяч. Змяншэнне тых, хто працуе ў рэгіёне, за адзінаццаць месяцаў склала 8,5 тыс., а за ўвесь 2022 год колькасць занятых зменшылася на 8,6 тыс. работнікаў. І ў першыню  ўлады прызналі, што кожны трэці раён Віцебшчыны адчувае праблему на рынку працы.

Два члены Віцебскай абласной грамадскай наглядальнай камісія пры галоўным упраўленні юстыцыі Вітаблвыканкама 24 лістапада наведалі аршанскія папраўчыя калоніі № 8 і 12. Паводле інфармацыі праваабаронцаў у цяперашні час у ПК №8 адбываюць пакаранне 10 палітычных зняволеных. У працэсе грамадскага кантролю парушэнняў правоў зняволеных не выяўлена.