Павал Левінаў патрабуе знайсьці і пакараць гандляроў сьцяжкамі СССР. Ён даслаў заяву на імя начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму і паведаміў пра факты неаднаразовага зьяўленьня невядомых асобаў зь чырвонымі сьцяжкамі каля гандлёвага цэнтру «Эвіком».

Улады вырашылі пазбавіць працы сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» Сержука Васільева зь Мёраў. Чалавек, які мае дзьве вышэйшыя адукацыі і шмат гадоў прапрацаваў настаўнікам, ня можа ўладкавацца на працу нават вартаўніком.

Віцебскі прадпрымальнік сутыкнуўся з дыскрымінацыяй беларускай мовы, калі вырашыў наладзіць выпуск новай прадукцыі з этыкеткай па-беларуску. Аказваецца, з уступленьнем Беларусі ў Мытны саюз, уся прадукцыя, якая вырабляецца ў краіне, згодна з рэглямэнтам МС, павінна маркіравацца на расейскай мове. Пра гэта прадпрымальнік напісаў на форуме http://belarus.d3.ru.

Праваабаронца Павал Левінаў дамагаецца пачатку адміністрацыйнага працэсу ў дачыненьні да газэты «Аптечка Еламеда». На думку Левінава, выдаўцы і распаўсюджвальнікі газэты, якая зарэгістраваная ў Расеі, павінны быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за яе незаконны выраб і распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Старшыня першаснай арганізацыі СПБ «Шкловалакна» Віктар Стукаў падаў у абласны суд скаргу на вызначэньне Полацкага гарадзкога суду, які 18 жніўня адмовіўся разглядаць справу аб дыскрымінацыі па прыкмеце членства ў адным або іншым прафсаюзе.