Аўторак, 07 Студзень 2014

Маладафронтаўца адлічаюць з каледжу за палітычную дзейнасьць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Уладзіслаў Макавецкі Уладзіслаў Макавецкі

Сябра “Маладога Фронту” Ўладзіслаў Макавецкі навучаецца ў Віцебскім тэхналягічным каледжы па спэцыяльнасьці “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Палітычнай дзейнасьцю Ўлад займаецца даўно і кіраўніцтва каледжу папярэджвала яго пра недапушчальнасьць “грамадзкай дзейнасьці”. Летась падчас традыцыйнай акцыі памяці герояў Слуцкага Збройнага Чыну ён прыняў прысягу “Маладога Фронту”. Празь некаторы час пасьля гэтага ў каледж прыйшлі невядомыя супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным.

Яны прынесьлі фатаздымкі Ўлада с жалобнага мітынгу i прыняцьця прысягі. Пасьля іх размовы хлопца выклікалі да кіраўніцтва каледжу i сказалі што давучыцца ў яго не атрымаецца (яму засталося вучыцца меней за паўгода) і наогул прапанавалі самому забраць дакумэнты. Праблем з вучобай Улад нiколi ня меў — таму вырашыў паспрабаваць здаць іспыты. Але на іспытах, нягледзячы на ўпэўнены адказ, яго накіравалі на пераздачу па двух прадметах. Кiраўнiцтва не хавае матываў гэтага рашэньня.

У прыватнай размове куратар группы паведамiла прэс-службе “Маладога Фронту”, што, на жаль, дапамагчы нічым ня можа, хаця i ведае пра сапраўдныя матывы. Загадчыца аддзяленьня дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Хадасевіч Тацьцяна Генадзьеўна на працоўным месцы адсутнічала, таму пачуць яе тлумачэньняў наконт гэтай сытуацыi немагчыма. Намесьніца дырэктара па ВВП Дзевяцьярава Людміла Мікалаеўна і дырэктарка каледжу Гарбуз Тамара Пракоф’еўна адмаўляюць палітычныя матывы праблем Улада, але падрабязныя тлумачэньні даць адмовіліся.

Малады Фронт