Праваабаронца Валер Місьнікаў ня змог дамагчыся ад дзяржавы справядлівай аплаты за спажытую энэргію для дачнікаў, якія пражываюць па-за горадам падчас дачнага сэзону.

Жыхарам Воршы, якія прасілі аднавіць абвяшчэньне прыпынкаў у аўтобусах на беларускай мове, кіраўніцтва аўтапарку даслала адказ. Сэнс адказу такі: «Беларускамоўныя абвесткі – ня наш клопат».

Павал Левінаў патрабуе знайсьці і пакараць гандляроў сьцяжкамі СССР. Ён даслаў заяву на імя начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму і паведаміў пра факты неаднаразовага зьяўленьня невядомых асобаў зь чырвонымі сьцяжкамі каля гандлёвага цэнтру «Эвіком».

Віцебскі прадпрымальнік сутыкнуўся з дыскрымінацыяй беларускай мовы, калі вырашыў наладзіць выпуск новай прадукцыі з этыкеткай па-беларуску. Аказваецца, з уступленьнем Беларусі ў Мытны саюз, уся прадукцыя, якая вырабляецца ў краіне, згодна з рэглямэнтам МС, павінна маркіравацца на расейскай мове. Пра гэта прадпрымальнік напісаў на форуме http://belarus.d3.ru.

Праваабаронца Павал Левінаў дамагаецца пачатку адміністрацыйнага працэсу ў дачыненьні да газэты «Аптечка Еламеда». На думку Левінава, выдаўцы і распаўсюджвальнікі газэты, якая зарэгістраваная ў Расеі, павінны быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за яе незаконны выраб і распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.