– Аказваецца, у нас цяпер этыкеткі на беларускай – па-за законам.
Я ў сябе ў Віцебску спрабую разьвіваць невялічкую харчовую вытворчасьць. Ня ўсім жа валізамі гандляваць, хтосьці і ў рэальным сэктары мусіць працаваць. Дык вось, вырашыў я ў Новы год ўвайсьці з новай прадукцыяй. Арганізаваў вытворчасьць дыетычных хлябцоў з суцэльнага збожжа. Рысавыя, пшанічныя, грачаныя. Правёў дасьледаваньне рынку, закупіў і наладзіў абсталяваньне, надрукаваў этыкеткі. Усяго ў мяне чатыры віды хлябцоў, і вырашыў я на адзін зь іх ляпіць этыкетку на беларускай мове. А на астатнія тры – на расейскай.
Зрабіў пробную партыю, аддаў у санстанцыю на аналіз, усё ў парадку. Цяпер трэба ісьці ў Цэнтар стандартызацыі для атрыманьня важнай паперы – дэклярацыі аб адпаведнасьці. Гэта апошні этап, пасьля яго – адразу на паліцу ў краму. Але дзе там. Сёньня Цэнтар стандартызацыі адмовіў мне ў выдачы важнай паперы на тыя хлябцы, што зь беларускай этыкеткай. Кажуць, якая такая беларуская мова? Пішыце на расейскай.
Я спачатку падумаў было, што гэта жарт. Кажу, вось жа, ёсьць дзяржаўны стандарт СТБ 1100-2007, у ім у п. 4.3 сказана, што этыкетка на тавары можа быць на беларускай і/або расейскай. Ён што, пытаюся, ня дзейнічае больш? А мне ў адказ: дзейнічае. Але яшчэ ў нас цяпер дзейнічае Тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу 022-2011, дзе сказана (п. 1 арт. 4.1), што ўсе тавары цяпер павінны маркіравацца на расейскай мове, а пры вялікай ахвоце можна прадубляваць на беларускай або казахскай. Але расейская павіннна быць абавязкова.
Карацей, сказалі мне, выкідвай партыю этыкетак на сваёй беларускай, і замаўляй новую - на расейскай. То бок расейская мова ў нас цяпер ГАЛОЎНЕЙШАЯ. Вось гэткая ў нас роўнасьць у МС. І пляваць Маскве на нашу Канстытуцыю і элемэнтарныя нормы прыстойнасьці.