На музычным фэсце ў Браславе жыхара Мінска затрымалі "за дэманстрацыю" татуіроўкі з "Пагоняй"
На фестывалі Viva Braslav 2 жніўня работнікамі міліцыі быў затрыманы жыхар беларускай сталіцы Міхаіл Тарлоўскі. Яго затрымалі "за дэманстрацыю экстрэмісцкай сімволікі". Галоўнае ўпраўленне па супрацьдзеянні экстрэмізму (Цэнтр "Э") лічыць Тарлоўскага анархістам.
Затрыманы віцебскі прадпрымальнік Барыс Элькін, які ўжо некалькі год жыве ў Польшчы
Час ад часу Барыс Элькін наведваўся на радзіму, дзе ў яго засталіся сваякі. Некалькі дзён таму ён прыехаў у Віцебск. Затрыманне адбылося 1 жніўня, калі прадпрымальнік выходзіў з машыны. Дома ў яго правялі ператрус, а потым забралі і самога. Падставы затрымання дакладна не вядомыя, але Барыса Элькіна ў Віцебску ведаюць як даўняга прыхільніка дэмакратычных пераменаў.
Наваполацкага актывіста Андрэя Галавырына асудзілі чацвёрты раз запар на 15 сутак
У Наваполацкім ЦІПе ён знаходзіцца з 15 чэрвеня.Паводле апошняй пастановы суддзі Зінаіды Балаболавай, ягоны арышт мае расцягнуцца на 2 месяцы – да 14 жніўня. У гарадскім судзе Наваполацку яго чацвёрты раз прызналі вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП – за рэпост з «экстрэмісцкага» канала. Праваабаронцам стала вядома, што два ранейшыя арышты актывісту былі прысуджаныя нават не за рэпосты, а толькі за падпіску на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы.
Выйшла на волю віцебская журналістка Таццяна Матвеева
Яе вызвалілі пасля затрымання на 72 гадзіны, але на выхадзе далі позву ў Кастрычніцкі раённы суд. Таццяну Матвееву будуць судзіць паводле арт. 24.23 за нібыта незаконнае пікетаванне, а насамрэч за аватарку ў Фэйсбуку, аздобленую надпісам у белым і чырвоным колерах. Гэты здымак быў актуальны больш за год таму, але міліцыянты знайшлі яго сярод архіўных фота… Суд прызначылі на 11 гадзін 9 жніўня.
У Інтэрнэце з’явіўся відэаролік у падтрымку арыштавана ксяндза Андрэя Вашчука
Стваральнік відэароліка – віцебскі рэжысёр Антон Грышкевіч, які ў студзені 2021-га году падтрымаў агульнанацыянальны страйк і звольніўся з Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтва, дзе працаваў выкладчыкам. З тае пары ён застаецца беспрацоўным, але не губляе прынцыповай грамадзянскай пазіцыі, у тым ліку і ва ўласнай творчасці. Апошні ягоны відэаролік, прысвечаны ксяндзу Андрэю Вашчуку, змантажаваны з фотаздымкаў зняволенага святара.