Былую супрацоўніцу найбуйнейшага навінавага парталу, абвешчанага экстрэмісцкім, затрымалі ўвечары 28 ліпеня. Міліцыянты прычакалі спадарыню Таццяну на вакзале, калі яна вярталася з камандзіроўкі. Дома ў яе быў праведзены ператрус, а ў аддзеле міліцыі Кастрычніцкага раёну на журналістку склалі пратакол за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне (арт. 24.23 КаАП). Гэтую ноч затрыманая правяла ў ІЧУ, верагодна, што 29 ліпеня Таццяну Матвееву будуць судзіць.

У Наваполацкім гарадскім судзе адбыўся працэс над Кацярынай Вінакуравай, якую прызналі вінаватай паводле артыкула 19.11 КаАП. Маладую жанчыну аштрафавалі за рэпост артыкула пра смерць паэта і мастака Міхала Анемпадыстава, які сышоў у лепшы свет у 2018 годзе. Пра гэта шырока паведамлялася ў незалежным друку, і жыхарка Наваполацку тады ж зрабіла рэпост з аднаго з найстарэйшых беларускіх выданняў, якое праз некалькі год прызналі экстрэмісцкім.

У некаторых тэлеграм-супольнасцях, якія займаюцца распальваннем варожасці ў дачыненні да прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў, сінхронна з’явіліся звесткі пра тое, што супраць святара вось-вось распачнуць крымінальную справу. Асобныя паблікі «ВКонтакте», якія пазіцыянуюць сябе як праваднікоў афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі Беларусі, апусціліся да паклёпу і прамых абразаў на адрас віцебскага ксяндза. Паклёпнікі відавочна карыстаюцца тым, што Андрэй Вашчук не можа прыцягнуць іх да судовай адказнасці, бо адбывае 15-суткавы арышт.

Ад восені 2020 года ў Віцебскай вобласці па палітычных матывах былі падвергнуты адміністрацыйнаму пераследу пяць служыцеляў беларускай каталіцкай царквы.  Усім ім было інкрымінавана правапарушэнне, прадугледжанае частка 1 артыкула 24.23 КаАП - парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

Працэс прайшоў у судзе Першамайскага раёну Віцебску, афіцыйных абвестак пра яго ў раскладзе працы суду не было, хаця вернікі хацелі падтрымаць святара падчас судовага разбору. Ксёндз Андрэй Вашчук асуджаны паводле арт. 24.23 КаАП за нібыта парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемстваў.