Актывіст «Народнай Грамады» і бацька 4-х дзяцей Андрэй Зуеў 15 траўня быў вызвалены з-за кратаў наваполацкага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Ён быў пакараны судом на 7 сутак арышту за ўдзел у «стрыме» Ціханоўскага. Каля наваполацкага ЦІПу позьнім вечарам яго сустракалі жонка, паплечнікі і журналісты, але міліцыя цішком вывезла актывіста за тэрыторыю цэнтру.

Пасьля затрыманьня вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага і цэлага шэрагу ягоных прыхільнікаў перасьлед грамадзянаў з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй працягваецца ва ўсёй краіне. Гэтак, у Паставах распачаты адміністрацыйны працэс у дачыненьні да хатняй гаспадыні з Варапаева Ганны Федаронак.

Пракуратура гораду Віцебску вынесла афіцыйнае папярэджаньне адміністратарцы Тэлеграм-каналу «Краіна для жыцьця» Юліі Барсуковай пра недапушчальнасьць парушэньня заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Папярэджаньне вынесенае 14 траўня.

Актывістка і блогерка Алена Янушкоўская атрымала 13 траўня позву з пракуратуры Віцебскага раёну і мусіла сёньня явіцца да пракурора, але праз рэжым самаізаляцыі рабіць гэта адмовілася. У пракуратуру яе прывезьлі супрацоўнікі Віцебскага РАУС. З Аленай Янушкоўскай правялі размову і ўручылі афіцыйнае папярэджаньне пра недапушчальнасьць парушэньня заканадаўства.

10 траўня сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі з райцэнтра Дуброўна прыяжджаў у Воршу і разам з аднадумцамі карміў галубоў на плошчы Леніна. Наступствамі сталі міліцэйскія пратаколы, а потым – суд. Чамураку прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП) і прысудзілі да 12 сутак арышту, паведаміла Беларуская Радыё Рацыя.

Віцебскі актывіст Аляксандар Ільінец быў пакараны 5 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «кармленьні галубоў», якое суд палічыў «несанкцыянаваным пікетаваньнем» (арт 23.34 КаАП). 13 траўня Аляксандар Ільінец быў вызвалены з-пад арышту і выйшаў на волю.

Віцебская блогерка і актывістка БХД Алена Янушкоўская атрымала позву ў пракуратуру. Паперу Янушкоўскай уручылі два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія прыяжджалі да яе дадому. У пракуратуру трэба зьявіцца 14 траўня, паведаміла актывістка.

Вядомую ў Воршы абаронцу жывёл Алену Мірашнічэнка аштрафавалі на 675 рублёў за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя. Сустрэча адбылася 18 сакавіка, і амаль праз два месяцы аршанская міліцыя раптам пра яе «успомніла».

Для фармаваньня ініцыятыўнай групы для збору подпісаў 12 мая Віцебск наведаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) Сяргей Чэрачань. Палітык пацьвердзіў раней выказаны намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта ў 2020 годзе.

12 траўня суд Пастаўскага раёну аштрафаваў афіцэра ў адстаўцы расейскай паліцыі Андрэя Новікава на 30 базавых велічынь за ўдзел у стрыме Ціханоўскага, які адбыўся ў Варапаеве. Новікава затрымалі ў ягоным доме ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну 8 траўня і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён прабыў трое сутак.