Аршанскага актывіста Ігара Казмерчака дапыталі ў «справе «Вясны»
19 кастрычніка следчы камітэт дапытаў аршанскага праваабаронцу і рэдактара парталу Orsha.eu Ігара Казмерчака. Са словаў актывіста, яго дапытвалі ў якасці сведкі ў «справе праваабарончага цэнтру «Вясна». Вярнулі банкаўскія карткі, адабраныя падчас колішніх ператрусаў.
За абразы, пагрозы гвалту і паклёп на сілавікоў у Полацку судзяць ураджэнку Узбекістану
У судзе Полацка і Полацкага раёна 14 кастрычніка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 52-гадовай прадаўшчыцы Зухры Берасневай, якая абвінавачваецца адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК) і паклёп (арт.188 КК РБ).
Пішыце лісты палітвязням! Яны іх чакаюць і будуць удзячныя
На сярэдзіну кастрычніка 2021 году беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі больш за 800 чалавек. Сярод асуджаных - мужчыны і жанчыны, маладыя і пажылыя - з вялікіх і малых гарадоў і вёсак. Усе яны патрапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю праз тое, што мірна адстойвалі права на свабодныя і справядлівыя выбары.
Праваабаронцы прызналі палітвязнем дубровенскага актывіста Міхаіла Чамураку
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці прызналі актывіста з Дуброўна Міхаіла Чамураку палітычным зняволеным. 7 ліпеня 2021 году Дубровенскі раённы суд прызнаў мужчыну вінаватым у паклёпе (арт. 188 КК) і прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Пакаранне пачаў адбываць ад 10 кастрычніка.
У звароце актывіста па гуманітарную візу міліцыянты ўбачылі «здраду Радзіме»
Аршанскі актывіст Сяргей Мярненка вымушаны быў тэрмінова пакінуць Беларусь праз тое, што спецслужбы атрымалі здымак ягонага ліста ў візавы цэнтр Рэспублікі Польша ў Магілёве і палохалі яго крымінальным артыкулам, які прадугледжвае смяротнае пакаранне.
На тры гады калоніі асудзілі віцябляніна за замыканне чыгуначнага святлафора
Суд Віцебскага раёну прызнаў 41-гадовага Сяргея Іванова вінаватым у прывядзенні ў непрыдатны стан сродкаў чыгуначнага транспарту, шляхоў спалучэння, сродкаў сігналізацыі (ч.1 арт. 309 КК) ды ў замаху на такія дзеянні (ч.1 арт. 14 КК) і пакараў яго пазбаўленнем волі на тры гады.
Беларускія мытнікі адмовіліся лічыць кантрабанду цыгарэт злачынствам
Мытны камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў праваабаронцу Паўлу Левінаву, што калі кантрабандны тавар быў перамешчаны непасрэдна праз мытню ў працоўны час, то ў гэтым няма складу злачынства. А Генеральная пракуратура краіны адмовілася даць прававую ацэнку фактам кантрабаднага перамяшчэння буйных партый цыгарэт праз беларускія мытныя пасты.
Салдату, які ў красавіку ўцёк на грузавіку ў самаволку, прысудзілі 7 гадоў калоніі
Суд Глыбоцкага раёну 12 кастрычніка агучыў вырак 19-гадоваму вайскоўцу тэрміновай службы Аляксандру Караткевічу, які на пачатку красавіка 2021 году на службовым грузавіку з'ехаў з вучэбнага палігону ў Берасцейскай вобласці, каб наведаць маці на Віцебшчыне. Меў пры сабе аўтамат. Суд прызнаў яго вінаватым адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу і прысудзіў да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У Віцебску за «здзек над дзяржсімваламі» затрымалі двух мужчын
У верасні ў Віцебску адбыліся два выпадкі знеслаўлення дзяржаўнага сцягу РБ. Як паведамляюць міліцэйскія тэлеграм-каналы, падазраваныя ўжо знаходзяцца пад арыштам у межах арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Калі следства дакажа датычнасць віцяблян да гэтага злачынства, ім пагражае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады.
«Хварэюць нашмат цяжэй». Галоўны лекар Полацкай ЦГБ распавёў аб 4-й хвалі COVID-19 у горадзе
Рост захворвання каронавіруснай інфекцыяй у полацкім рэгіёне пачаўся ў верасні. На днях пад хворых на COVID-19 аддалі частку хірургічнага аддзялення гарадской лякарні. Падрабязнасці пра тое, як праходзіць чацвёртая хваля каронавірусу распавёў галоўны лекар Полацкай ЦГБ Аляксандр Стома.