На падставе інфармацыі, атрыманай з Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы аб затрыманні буйных партый цыгарэт, якія прыбывалі з боку Беларусі, Павел Левінаў звярнуўся ў беларускую Генеральную пракуратуру з заявай. Калі цыгарэты былі вырабленыя на беларускіх прадпрыемствах і перавозіліся праз беларускія мытныя пункты як легальны тавар, але затрымліваліся як кантрабандны тавар у Польшчы, то ў праваабаронцы паўсталі пытанні да працы беларускіх мытнікаў.
Каб развеяць сумненні, ён і звярнуўся ў Генпракуратуру з заявай аб правядзенні праверкі фактаў кантрабанды цыгарэт у межах крымінальнага справаводства.
У сваёй заяве праваабаронца выказаў меркаванне аб магчымым садзейнічанні беларускіх мытных органаў кантрабандыстам ў перамяшчэнні тытунёвых вырабаў праз дзяржаўную мяжу. А таксама пра тое, што ў мытных органах краіны дзейнічаюць арганізаваныя злачынныя групы, якія незаконна перамяшчаюць праз мытную мяжу кантрабанду ў буйным памеры, а службовыя асобы Мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца ўдзельнікамі злачынных схемаў.
«Я папрасіў Генпракуратуру распачаць крымінальныя справы па ўсіх фактах незаконнага перамяшчэння праз мытную мяжу на сумежныя тэрыторыі кантрабандных цыгарэт у буйным памеры і паінфармаваць мяне аб прынятым рашэнні», – паведаміў пра свае патрабаванні праваабаронца.
Але ў Генеральнай пракуратуры вырашылі не распачынаць крымінальную справу ў дачыненні да мытні, а заяву Левінава накіравалі ў Дзяржаўны мытны камітэт з просьбай да кіраўніцтва ДМК паведаміць аб выніках праверкі выкладзеных фактаў кантрабанды.
У сваім адказе намеснік старшыні ДМК Эдуард Даніловіч патлумачыў праваабаронцу склад артыкулаў 228 і 228-1 Крымінальнага кодэксу. З гэтых тлумачэнняў стала зразумелая пазіцыя беларускіх мытнікаў да кантрабанды цыгарэт. Яны лічаць, што яе не было ў выпадку, калі кантрабандны тавар быў перамешчаны непасрэдна праз мытны пункт у працоўны час. А тое, што беларускія мытнікі не знайшлі цыгарэт, то гэта не караецца, нават калі польскія службы іх выявілі.
«У сувязі з чым у пералічаных ў Вашым звароце фактах адсутнічаюць прыкметы кантрабанды або незаконнага перамяшчэння тавараў праз мытную мяжу, адказнасць за якую прадугледжаная крымінальным заканадаўствам», - паведаміў Даніловіч праваабаронцу Левінаву.
Віталь Кажух