Нядзеля, 06 Кастрычнік 2024

Судовыя справы па «палітычных адміністратыўках» мінулага тыдня: мінімум 9 па ўсёй вобласці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мы прыводзім статыстычныя звесткі, якія базуюцца на дадзеных з адкрытых крыніц. Але вядома, што шмат якія суды за «распаўсюд экстрэмізму» і «пікетаванне ў інтэрнэце» праходзяць «явачным парадкам» - калі людзей затрымліваюць і судзяць цягам 72 гадзін. Вельмі часта такія працэсы не трапляюць у расклады працы судоў на сайце электроннага судаводства.

30 верасня раённы суд Глыбокага разбіраў тры адміністрацыйныя справы па ч.2 арт.19.11. За «распаўсюд экстрэмізму" ў сацыяльных сетках судзілі дэпутатку Залесскага сельскага савета Інну Селезень. Жанчына кіруе прафсаюзнай суполкай сельскагаспадарчага прадпрыемства "Капыльшчына", дзе працуе дыспетчаркай. А таксама дырэктарку глыбоцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Святлану Сташкевіч і яе намесніцу па адміністратыўна-гаспадарчай частцы Наталлю Баравік.

У Оршы ў гэты дзень выклікалі ў суд выхавацельку Галіну Шапавалаву. 9 жніўня жанчыну ўжо судзілі ў аршанскім судзе "за распаўсюд экстрэмізму". З тае пары яна зрабіла закрытымі ўсе свае профілі ў сацыяльных сетках і 11 верасня ў Віцебскі абласны суд разглядаў яе апеляцыйную скаргу. Ёсць верагоднасць, што абласны суд вярнуў справу Галіны Шапавалавай на перагляд у суд першай інстанцыі.

1 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёна судзілі лекарку-пенсіянерку Ірыну Атрашчонак, у суд Чашніцкага раёна быў выкліканы Сяргей Крупін, намеснік дырэктара - галоўны інжынер унітарнага прадпрыемства ЖКГ "Камунальнік" г. Навалукомля. Абодвух судзілі паводле ч.2 арт.19.11 КаАП.

2 кастрычніка ў судзе горада Наваполацка паводле ч.2 арт.19.11 КаАП і ч.1 арт. 24.23 КаАП судзілі 54-гадовага навапалачаніна Алега Чарткова.

4 кастрычніка суд паводле ч.2 арт.19.11 КаАП прайшоў у Полацку. Судзілі палачаніна Васіля Балалаева. У Глыбоцкім райсудзе ў той самы дзень разбіралі справу Тэрэсы Развадоўскай. Разглядаліся два пратаколы, складзеныя на 59- гадовую пенсіянерку - паводле ч.2 арт.19.11 КаАП і ч.1 арт. 24.23 КаАП.

Апрача гэтага, на гэтым тыдні стала вядома пра дзве новыя палітычныя крымінальныя справы. Былая палітзняволеная Эмма Сцепулёнак стала фігуранткай новай справы: 70-гадовую настаўніцу на пенсіі з Мёраў вінавацяць паводле арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады). Дакументы па справе перадалі ў суд. Сёлета ў траўні жанчына выйшла на волюпасля мінулага пакарання: яна адбыла два гады зняволення за абразу Лукашэнкі (арт. 368 кК РБ) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 УК).

2 кастрычніка ў Расонскім раённым судзе пачалі разбор справы, распачатай супраць 47-гадовага мясцовага жыхара Дзмітрыя Грыневіча. Яго вінавацяць паводле ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Ірына Лазарава