Жыхары Віцебска даўно і шмат скардзяцца на адсутнасць эфектыўнай работы жыллёва-камунальных службаў і вельмі незадаволены адсутнасцю належнага кантролю за ЖКГ з боку гарадскіх улад і кантралюючых дзяржаўных органаў. Для выпраўлення непрымальнай сітуацыі актывісты выкарыстоўваюць розныя інфармацыйныя пляцоўкі, у тым ліку і рэсурс «Зручны горад».

Назва праекту паходзіць ад ангельскага слова «bullying» – запалохванне, фізічны або псіхалагічны тэрор з боку групы раўнагодкаў, форма жорсткіх зносінаў, калі больш моцная ў фізічным ці псіхічным сэнсе асоба або групоўка трымае ў страху аднаго чалавека. Праект накіраваны на тое, каб навучыць падлеткаў змагацца з цкаваннем і запалохваннем у вучнёўскім калектыве.

Старшыня незалежнага прафсаюзу на ААТ «Нафтан» адбывала другі запар адміністрацыйны арышт у Наваполацкім ЦІПе. Практыка пераводзіць арыштаваных з Полацку і Наваполацку ў Віцебск існуе ўжо даўно – гэта робіцца для таго, каб абцяжарыць родных і блізкіх праблемай перадач і падтрымкі. Віцебскі ізалятар часовага ўтрымання цяпер месціцца на тэрыторыі СІЗА-2, і ў выпадку з Вольгай Брыцікавай пакуль не высветлена прычына пераводу: або яе перавялі ў віцебскі ІЧУ, каб дабыць тэрмін арышту, або яна трапіла непасрэдна ў следчы изалятар, бо супраць яе маглі распачаць крымінальную справу.

Сёлета ў гарадах і райцэнтрах Віцебскай вобласці мусілі стварыць 89 аб’ектаў спецыялізаванай інфраструктуры ў межах дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона». Але да лістапада паспелі са стварэннем усяго 55 аб’ектаў, пакінуўшы будаўніцтва траціны на восень і зіму. І такая перспектыва выглядае сумнёўна, бо дождж і снег не спрыяюць падобным працам.

Восьмы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання завершыўся ў Берліне. Ён праходзіў з 15 па 18 лістапада, і аб’яднаў каля 1000 удзельнікаў з самых розных краін. Аднім з трох беларусаў, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве быў віцебскі праваабаронца Павел Левінаў.

У Шумілінскай СШ №1 распачаў працу вайскова-патрыятычны клуб «Юны гвардзеец». Раней на Віцебшчыне практыкавалася завядзёнка ствараць вайскова-спартовыя клубы для дзяцей і падлеткаў, дзе хаця б «для шырмы» абвяшчалася, што галоўны вектар працы – гэта клопат пра здароўе юнага пакалення. Хаця і там спартовая падрыхтоўка больш нагадвала вайсковыя зборы… Прэзентацыя клубу «Юны гвардзеец» адбылася на Алеі Славы ў гарадскім парку каля брацкіх могілак.

Рэдакцыі незалежных беларускіх СМІ перажываюць зараз нялёгкія часы. Амаль усе не проста выехалі з Беларусі, іх супрацоўнікі аказаліся раскіданымі па розных краінах. Тым не менш адданыя сваёй працы журналісты знаходзяць магчымасці аднавіць дзейнасць сваіх медыя. Не выключэнне «Віцебскі Кур'ер news». Як гаворыць адзін з заснавальнікаў выдання Аляксандр Корнышаў, зараз своеасаблівы этап перазапуску, паступовага вяртання да паўнацэннай работы.

Паміж Віцебскім абласным аб'яднаннем прафсаюзаў і абласной арганізацыяй Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане 17 лістапада было падпісана двухбаковае пагадненне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве. Кіраўнікі арганізацый дамовіліся аб сумеснай працы на ніве паслядоўнай мілітарызацыі моладзі. Цяпер падобныя ініцыятывы запатрабаваны і ўхвалены ўладамі.

Беларуская праваабарончая супольнасць у апошняй заяве прызнала палітвязнямі яшчэ 23 чалавекі, сярод іх – жыхар Наваполацку Данііл Раманаў, асуджаны на паўтара года «хіміі» «за абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 Крымінальнага Кодэксу). Абражаным прадстаўніком улады быў прызнаны камандзір АМАП Менгарвыканкаму Дзмітрый Балаба. Суд абавязаў Данііла Раманава выплаціць пацярпеламу і 1 500 рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.

Зыходзячы з дадзеных Упраўлення статыстыкі Віцебскай вобласці ў студзені - верасні 2022 года рэгіянальная эканоміка стала залежнай ад інвестыцый з Расійскай Федэрацыі. Практычна ўсе інвестыцыі, якія выцякаюць за межы Віцебскай вобласці, знаходзяць сабе прымянення ў эканоміцы нашай усходняй суседцы.