Ерванд Марцірасян – жыхар Віцебска. 50-гадовы мужчына прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паводле часткі 1 артыкула 368 КК РБ. Яго справу у судзе Кастрычніцкага раёна разбірала суддзя Святлана Кузмічонак. 8 жніўня быў агучаны вырак: мужчына асуджаны да пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады з адбываннем прызначанага пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Паводле інфармацыі Віцебскай абласной пракуратуры, Марцірасян падчас судовага следства сваю віну прызнаў у поўным аб'ёме. Ён патлумачыў, што ў стане алкагольнага ап'янення, знаходзячыся ў службовым аўтамабілі, у прысутнасці супрацоўнікаў аддзела Дэпартамента аховы неаднаразова негатыўна выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі, і гэтыя выказванні мелі абразлівы характар.
Дзмітрый Шалак – музыка, удзельнік наваполацкага гурта «Паранойя долс». Гарадскі суд Наваполацка прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт.368 КК (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і паводле арт.369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Дзмітрыя асудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і да штрафу памерам 200 базавых велічыняў. (8 тысяч рублёў). Сёлета ў лютым мужчына ўжо быў асуджаны па гэтых самых крымінальных артыкулах.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Дзмітрый Шалак з ліпеня 2021 года па красавік 2022 года, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, «у розных групах месэнджара Telegram, маючы намер на публічную абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў» , размясціў шэраг каментароў. У іх, поводле высноваў адмыслоўцаў, утрымліваліся «выражаныя ў непрыстойнай форме абразы на адрас кіраўніка дзяржавы, а таксама прадстаўнікоў улады», з ужываннем ненарматыўнай лексікі.
У траўні 2023 г. Дзмітрый Шалак быў асуджаны да арышту па «палітычнай» адміністратыўнай справы.
Наталля Первякова