17.09.2024 Тэгі: палітвязні, гісторыі вязняў За апошнія тры месяцы ў Беларусі па памілаванні з месцаў несвабоды агулам выйшлі мінімум 115 палітвязняў, сярод якіх пенсіянеры і людзі з сур'ёзнымі захворваннямі. Праўладны актывіст Юрый Васкрасенскі заявіў, што ўладам паступіла яшчэ 900 прашэнняў аб памілаванні. Пры гэтым, паводле інфармацыі ад былых палітвязняў, Васкрасенскі асабіста абзвоньвае родных палітвязняў і агітуе паўплываць на блізкіх, каб тыя напісалі прашэнне. Адзін з памілаваных распавёў "Вясне" пра прапанову напісаць прашэнне, пра пагрозы за адмову, пра дзень вызвалення і абмежаванні на волі.
- Фота мае ілюстрацыйны характар
"У іх засталіся ўсе прысуды і апеляцыі"
Іван (імя змененае ў мэтах бяспекі) узгадвае, што напісаць прашэнне на памілаванне яму прапанавалі за некалькі тыдняў да вызвалення. Мужчына спачатку адмовіўся, але праз некалькі дзён яго зноў выклікалі і патлумачылі, што ў выпадку адмовы астатні тэрмін "падасца яму пеклам". Іван зноў адмовіўся, але на наступны дзень перад ім паклалі паперу і ручку і з пагрозамі настаялі на напісанні прашэння.
У Беларусі памілавалі яшчэ 30 палітвязняў
Пасля гэтага ўсё заціхла роўна да дня вызвалення.
"У той дзень мяне забралі з прамзоны і адпусцілі, пры гэтым рэчы, а самае галоўнае дакументы ўсе акрамя пашпарта і пасведчання кіроўцы — не вярнулі. То бок, у іх засталіся ўсе прысуды, апеляцыі і г.д. Груба кажучы пераапранулі ў цывільнае адзенне, далі грошы на дарогу і харчаванне, тыя грошы, што былі на рахунку, і адправілі прэч.
Цябе забірае днявальны штаба, прыводзіць у штаб, там "рэжымнік" забірае цябе, ідзяце ў пакой прыёму асуджаных, туды прыносяць "усе твае рэчы", пры чым рэчы прыносяць раней, чым ты прыходзіш. Кажуць: "Пераапранайся, забірай рэчы", затым выводзяць да выхаду, там сустракае начальнік калоніі, ты падпісваешся за вызваленне, табе даюць даведку, вядуць да бухгалтаркі, яна выдае грошы, і цябе выводзяць за браму. Аб вызваленні я даведаўся ў той момант, калі мяне прывёў днявальны ў штаб, да гэтага ніхто нічога не кажа".
Паводле словаў Івана, Юрый Васкрасенскі абзвоньваў родных некаторых зняволеных і прапаноўваў ім даць інтэрв'ю.
Абмежаванні пасля вызвалення
Пасля памілавання зняволеным трэба стаць на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі (КВІ) і хадзіць адзначацца раз на тыдзень. Пры гэтым вусна ім паведамляюць, што ў выпадку, калі яны не працуюць, то раз на тыдзень мусяць адпрацаваць восем гадзін на грамадскіх працах. Судзімасць пасля памілавання Івану не знялі. Акрамя гэтага, яму паставілі забарону на выезд з Беларусі на тэрмін роўны неадбытаму тэрміну пакарання.
З моманту вызвалення да Івана адзін раз прыехалі супрацоўнікі міліцыі, праверылі тэлефон на наяўнасць "экстрэмізму". Сказалі, каб ён "не лез нікуды". Пры гэтым, кажа суразмоўца, былі карэктныя і ветлівыя.
"Невінаватыя людзі вымушаныя звяртацца да дыктатара з просьбай выпусціць іх на волю". Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні