Сёлета 18 чэрвеня праект «Обычное утро» паводле рашэння КДБ РБ быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». У гэтым рашэнні згадваюцца ўсе рэсурсы «Обычного утра» - старонка ў Instagram, Telegram-канал, відэаканал на Youtube, старонка ў TikTok. Вядоўцы Канстанцін Каверын і Людміла Міласлаўская на той час ужо з'ехалі з Беларусі. І, паводле Андрэя Панкрата, які не бянтэжыцца ананімна абражаць калег, «чистить туалеты и подметать улицы европейских столиц отказались, а вот предложение по сотрудничеству от местного «спонсора» приняли» Іх праца, паводле рэдактара «раёнкі», заключалася ў тым, каб «с помощью Интернет-ресурсов вести идеологическую обработку населения Беларуси путём дискредитации действующей в нашей стране государственной власти».
Да слова, Youtube-канал «Обычного утра» сёння мае больш за 37 тысяч падпісчыкаў, тады як рэдакцыя «Весніка Глыбоччыны» увогуле не здолела стварыць уласны рэсурс на відэахостынгу. І падпісчыкаў Telegram-канала «раёнкі» ў разы меней, чым у «Обычного утра». Аднак рэдактар дазваляе сабе ганіць прафесійныя якасці журналістаў, сцвярджаючы, што «ничего хорошего эти люди не говорят. По-другому у них не получается, когда живёшь на гранты врагов нашей страны, а амбиции зашкаливают так, что ради удовлетворения раздутого самомнения готовы на всё».
Галоўрэд раённай газеты сцвярджае, што знарок не пазбягае згадваць у сваім артыкуле назвы інтэрнэт-рэсурсы «Обычного утра», «чтобы не создавать лишнюю рекламу». У яго, відавочна, іншыя мэты: паказаць у самым негатыўным святле сваіх землякоў, якія пакінулі Беларусь, асабліва калі яны прадстаўнікі медыяў, не залежных ад беларускіх уладаў. І такім чынам яшчэ раз падкрэсліць для сваіх чытачоў, як ім пашанцавала жыць у цяперашняй дзяржаве.
Сам Андрэй Панкрат трапіў у раённую газету вельмі своеасаблівам чынам: «пакліканне» да журналістыкі былы просты будаўнік адчуў, ажаніўшыся з дачкой былой рэдактаркі «Глыбоцкага весніка». Развёўшыя з жонкай, ён застаўся на ідэалагічнай «варце», і ў апошнія гады актыўна займаецца тым, што піша пра кепскае жыццё ў Еўразвязе, пра «экстрэмістаў» і «уцекачоў», якія не засталіся ў «стабільнай» і «квітнеючай Беларусі». Старанні рэдактара не засталіся незаўважанымі: Андрэя Панкрата сёлета прызналі пераможцам Нацыянальнага конкурса «Золотая литера» за праект «Мнение».
Ірына Смольская