Серада, 21 Жнівень 2024

На волю па памілаванні выйшлі 74-гадовы Васіль Бераснеў і 64-гадовая Вольга Стаброўская

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Імёны двух палітвязняў, жыхароў Аршаншчыны, праваабаронцы называюць у пераліку тых, пра каго дакладня вядома, што яны выйшлі на волю 20 жніўня. На цяперашні момант праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозвішчы 13 вызваленых палітвязняў, але публічна ў іх называюць толькі 6 – сваякі просяць падтрымліваць інфармацыйную цішыню для бяспекі сваіх родных, таму пакуль не публікуюцца прозвішчы астатніх. Распавядаем, хто яны – Васіль Бераснеў і Вольга Стаброўская.

Вольга Стаброўская – жыхарка Оршы.

Жанчына мае інваліднасць па слыху. Да выхаду на пенсію яна працавала ў Аршанскай друкарні. Першапачаткова ўвагу сілавікоў прыцягнулі падпіскі жанчыны на так званыя «экстрэмісцкія» інтэрнэт- рэсурсы і «падабайкі» пад матэрыяламі, у якіх асуджаецца палітыка дзейных уладаў. Пасля затрымання следчыя пачалі больш уважліва вывучаць кантэнт яе сацыяльных сетак і знайшлі падставы для крымінальнай справы.

27 верасня суддзя суда Аршанскага раёну і г. Оршы Юлія Вяршыніна прызнала 63-гадовую Вольгу Стаброўскую вінаватай паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага Кодэкса за каментар у «Одноклассниках», расцэнены як «абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Па матэрыялах судовай справы, Стаброўская ў 2021 годзе ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» паставіла «клас» і пакінула кароткі каментар да чужога паста, у якім суд убачыў абразу Аляксандра Лукашэнкі.

Васіль Бераснеў – аршанскі актывіст прафсаюзу РЭП.

Яго затрымалі 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы супраць актывістаў незалежных прафсаюзаў.

5 студзеня 2023 года трох прафсаюзных актывістаў — Васіля Бераснева, Генадзя Фядыніча і Вацлава Арэшку суд прызнаў вінаватымі у «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК). Васілю Ціханавічу прызначылі дзевяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Судовая калегія Вярхоўнага суду 3 красавіка 2023 г. пастанавіла пакінуць прысуд без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення. Адбываць пакаранне асуджанага накіравалі ў Магілёўскую папраўчую калонію №15.

У Оршы актывіста добра ведаюць і паважаюць. Напачатку 90-х гадоў, у гады дэмакратычнага ўздыму ў Беларусі, быў абраны дэпутатам Аршанскага райсавету, а затым і яго старшынём. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сыйшоў з пасады старшыні і пачаў цікавіцца грамадскай дзейнасцю. Неўзабаве далучыўся да Беларускага Хельсінскага камітэта, а праз некаторы час стаў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі. Пры гэтым, Васіль амаль да самай пенсіі выкладаў гісторыю ў вясковых школах.

Пазней Бераснеў далучыўся да прафсаюзу РЭП, аршанская структура прафсаюза хутка стала адной з самых вялікіх у Беларусі з невялікімі прадстаўніцтвамі ў Круглым і Багушэўску. Праз некаторы час ён стаў намеснікам старшыні рэспубліканскага прафсаюзу РЭП. Падчас “Маршу недармаедаў” у 2017 годзе ў Оршы ён на прыступках райвыканкама разарваў плакат- муляж «антыдармаедскага» дэкрэту, быў затрыманы і асуджаны да адміністрацыйнага арышту.

Васіль Ціханавіч трапіў у зняволенне па крымінальным абвінавачанні ўжо ў сталым узросце і з вялікімі праблемамі са здароўем. Яшчэ ў 2008 годзе яму выдалілі адну нырку ў сувязі з анкалагічным захворваннем. Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіль Бераснеў скардзіўся на болі ў адзінай нырцы і на падвышаны ціск. У калоніі сітуацыя толькі пагоршылася. На шматлікія просьбы і заявы вязня аб аказанні медычнай дапамогі, альбо накіраванні на абследаванне доўгі час рэакцыі не было. У пачатку кастрычніка 2023 года стала вядома, што зняволенага тэрмінова накіравалі з ПК № 15 у Магілёўскі абласны шпіталь. Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Па звестках ад знаёмых, нырку Васілю Берасневу так і не перасадзілі. Цягам двух дзён яго абследавалі ў шпіталі, але вынікаў не паведамілі. Цяпер, на волі, сталага чалавека чакае доўгая рэабілітацыя.

Міхаіл Кучкоўскі