Кацярыну Леў затрымалі 1 лютага 2023 года. Да суду яна знаходзілася ў віцебскім СІЗА-2.
У судовым працэсе абражанымі прадстаўнікамі ўлады выступілі намеснік начальніка УУС Мінскага аблвыканкама Віталь Казлоў, кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Раман Мельнік, а таксама першы намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Падвойскі.
Гэтыя асобы трапілі ў скандал, калі ў лютым 2022 г. «Кіберпартызаны» апублікавалі зліў іх размоваў з верасня 2020 года. Тэлефонная гутарка Падвойскага, Мельніка і Казлова стала доказам таго, што міліцыя кіруе суддзямі пры вынясенні рашэнняў у дачыненні ўдзельнікаў мірных маршаў. Пасля апублікавання роліка з запісам гутарак у Telegram-канале «Кіберслівы» пад ім пакінулі водгукі больш за два дзясяткі чалавек, сярод іх была і Кацярына.
Сёлета ў студзені справа Кацярына Леў зноў апынулася ў Наваполацкім гарсудзе: з заявай аб пакрыцці маральнай шкоды, якую нібыта прычыніла палітзняволеная навапалачанка, у суд звярнуўся намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама палкоўнік міліцыі Ігар Падвойскі.
Ён паведаміў суду, што дзяўчына прычыніла яму маральную шкоду, якая выявілася ў маральных перажываннях, звязаных са знявагай яго як фізічнай асобы і як службовай асобы. Свае маральныя пакуты міліцыянт ацаніў у 2 500 рублёў, заявіўшы, што гатовы пералічыць гэтыя грошы на рахунак адной з навучальных установаў. Пры гэтым Падвойскі ніякіх дакументальны доказаў аб сваіх пакутах і знявагах суду не прадставіў. На судовае паседжанне ён не з'явіўся - пісьмова хадайнічаў аб разглядзе справы ў яго адсутнасць.
Кацярына Леў у судовым паседжанні пазоў не прызнала, яна патлумачыла суду, што ўжо атрымала максімальнае пакаранне за ўсё, што зрабіла. І нават ужо сплаціла прызначаны судом штраф. Што да памеру кампенсацыі маральнай шкоды, то дзяўчына заявіла, што лічыць заяўленую суму не адпаведнай цяжару здзейсненага ёю злачынства. Прасіла суд, з улікам яе матэрыяльнага становішча, знізіць памер кампенсацыі маральнай шкоды да 500 рублёў. Аднак тая ж суддзя Сняжана Калінічэнка пастанавіла спагнаць з палітзняволенай грашовую кампенсацыю ў тым самым памеры, што запрасіў палкоўнік міліцыі, а таксама заабавязала сплаціць у даход дзяржавы судовыя выдаткі ў памеры 111 рублёў.
Разгляд грамадзянскай справы адбываўся праз дыстанцыйную сувязь з выкарыстаннем праграмы Skype у зале суда Наваполацка. Кацярыну Леў на працэс на прывезлі, яна знаходзілася ў гомельскай жаночай калоніі №4, адкуль выйшла 20 жніўня.
Міхаіл Кажух
Апрача Кацярыны Леў, праваабаронцам вядома пра вызваленне 20 жніўня яшчэ дваіх палітвязняў з Віцебшчыны – гэта 74-гадовы Васіль Бераснеў і 64-гадовая Вольга Стаброўская.