17.09.2024 Тэгі: палітвязні, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, FIDH Асобы: Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк Чатыры гады таму, 17 верасня 2020 года, палітзняволеная праваабаронца "Вясны" Марфа Рабкова была адвольна затрыманая. Па гэты дзень яна незаконна знаходзіцца ў зняволенні. У чацвёртую гадавіну яе затрымання абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і "Вясна" зноў заклікаюць да яе неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да вызвалення астатніх чатырох затрыманых сябраў "Вясны" ды ўсіх праваабаронцаў, адвольна пазбаўленых волі ў Беларусі.
Увечары 17 верасня 2020 Марфа Рабкова была жорстка затрыманая супрацоўнікамі ГУБАЗіК, падраздзялення МУС Беларусі. Валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк быў адвольна арыштаваны 2 кастрычніка 2020 года, усяго праз два тыдні пасля затрымання Марфы. Марфе Рабковай былі прад'яўленыя абвінавачванні паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а Андрэю Чапюку — паводле чатырох, абое абвінавачваліся ў арганізацыі злачынных груповак у перыяд з 2016 па 2020 год.
Пасля чатырох месяцаў закрытых судовых слуханняў і амаль двух гадоў папярэдняга зняволення, 6 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд асудзіў Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка да 15 і шасці гадоў турэмнага зняволення адпаведна. Сярод іншых абвінавачванняў Марфа Рабкова была прызнаная вінаватай у "арганізацыі масавых беспарадкаў, удзеле ў іх і падрыхтоўцы іншых асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках", "распальванні сацыяльнай варожасці да ўрада" і "ўдзеле ў злачыннай арганізацыі"; Андрэй Чапюк быў прызнаны вінаватым ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" і "ўдзеле ў злачыннай арганізацыі". За два гады, праведзеных у папярэднім зняволенні, стан здароўя Марфы Рабковай значна пагоршыўся праз адсутнасць належнай медычнай дапамогі. Цягам некалькіх месяцаў ёй адмаўлялі ў стаматалагічным лекаванні, і яна пакутавала ад боляў у жываце і запалення лімфатычных вузлоў на шыі. Цяперашні стан здароўя Марфы Рабковай застаецца невядомым. У зняволенні ёй таксама рэгулярна адмаўлялі ў сустрэчах з роднымі.
Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк абскардзілі свой прысуд у Вярхоўным судзе Беларусі. 28 лютага 2023 года Вярхоўны суд пастанавіў скараціць турэмны тэрмін Чапюка з шасці гадоў да пяці гадоў і дзевяці месяцаў, а Рабковай — з 15 гадоў да 14 гадоў і дзевяці месяцаў. Паколькі слуханне праходзіла за зачыненымі дзвярыма, падставы для рашэння Вярхоўнага суда застаюцца невядомымі. Марфа Рабкова адбывае турэмнае зняволенне ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму ў Гомелі, а Андрэй Чапюк — у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму ў Івацэвічах (Брэсцкая вобласць). 14 жніўня 2024 года Андрэй Чапюк быў змешчаны ў штрафны ізалятар (ШІЗА) на 10 сутак нібыта за парушэнне формы адзення непасрэдна перад сустрэчай з бацькамі. Акрамя таго, абое праваабаронцы былі ўключаныя беларускімі ўладамі ў "спіс тэрарыстаў" у сакавіку 2023 года, і таму яны не могуць атрымліваць грашовыя пераводы.
Затрыманне Марфы Рабковай, відаць, з'яўляецца адказам на яе працу каардынатаркай валанцёрскіх службаў у праваабарончым цэнтры "Вясна". Разам са сваімі калегамі Марфа Рабкова ажыццяўляла маніторынг мірных сходаў і брала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага маніторынгу выбараў 9 жніўня 2020 года "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Яна таксама ўдзельнічала ў дакументаванні сведчанняў катаванняў ды іншых відаў бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі дэманстрацый пасля выбараў у Беларусі.
Адвольны арышт і затрыманне Марфы Рабковай чатыры гады таму паклалі пачатак жорсткім рэпрэсіям супраць праваабарончага цэнтра "Вясна", пяць сябраў якога цяпер знаходзяцца за кратамі. 14 ліпеня 2021 года беларускія ўлады затрымалі лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча і юрыста "Вясны" Уладзіміра Лабковіча падчас маштабнай атакі на беларускую грамадзянскую супольнасць. Асуджаныя па сфабрыкаваных абвінавачваннях да вялікіх тэрмінаў турэмнага зняволення, яны незаконна застаюцца ў зняволенні на момант публікацыі гэтай заявы, супраць іх рэгулярна ўжываецца моцны прэсінг і жорсткае абыходжанне.
Рэпрэсіі супраць "Вясны" і яе сябраў з'яўляюцца часткай больш шырокага ўціску грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, асабліва пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пасля пратэстаў улады ліквідавалі ўсе праваабарончыя ды іншыя незалежныя арганізацыі, не пакінуўшы ў краіне ніводнай легальна дзейнай праваабарончай НДА. "Вясна" з'яўляецца адной з вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый і знаходзіцца ў авангардзе беларускага праваабарончага руху. Паводле даных арганізацыі, па стане на 17 верасня 2024 года, згодна з інфармацыіяй нацыянальных праваабарончых арганізацый, 1 358 чалавек у краіне знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах.
Абсерваторыя і "Вясна" зноў заяўляюць аб сваім рашучым асуджэнні адвольнага турэмнага зняволення Марфы Рабковай і заклікаюць улады адмяніць яе прысуд і вызваліць яе неадкладна і безумоўна. Абсерваторыя і "Вясна" таксама заклікаюць беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць палітзняволеных сябраў "Вясны" Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Андрэя Чапюка, а таксама ўсіх іншых праваабаронцаў, адвольна затрыманых у Беларусі.
Арганізацыі падкрэсліваюць, што палітычна матываваны, адвольны ўціск і жорсткае абыходжанне з праваабаронцамі і палітычнымі зняволенымі ў цэлым у беларускіх турмах мусяць быць неадкладна спыненыя, і заклікаюць беларускія ўлады выконваць усе свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (Абсерваторыя) была створана ў 1997 годзе Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT). Мэтай гэтай праграмы з'яўляецца прадухіленне або паляпшэнне сітуацый, звязаных з рэпрэсіямі ў дачыненні да праваабаронцаў. FIDH і OMCT з'яўляюцца чальцамі ProtectDefenders.eu, механізму Еўрапейскага саюза па абароне правоў чалавека, створанага міжнароднай грамадзянскай супольнасцю.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" — вядучая праваабарончая група, заснаваная ў 1996 годзе ў Беларусі, што займаецца маніторынгам і дакументаваннем парушэнняў правоў чалавека, падтрымкай ахвяр рэпрэсій. На працягу ўсяго свайго існавання "Вясна" сутыкалася з ціскам і ўмяшаннем з боку беларускіх уладаў.