«Увечары 10 жніўня мужчына знаходзіўся сярод дзясяткаў агрэсіўна настроеных пратэстоўцаў, якія руйнавалі камунальную маёмасць і ўдзельнічалі ў сутычках з міліцыяй. Падчас нападу гараджанін зламаў нос вайскоўцу ўнутраных войск», – гэтак падаецца афіцыйная версія здарэння, апублікаваная на сайце УУС Віцебскага аблвыканкаму.
Сцвярджаецца, што затрыманы навапалачанін раскайваецца і дае прызнальныя паказанні.
Са слоў затрыманага, да ўдзелу ў жнівеньскіх падзеях у горадзе яго справакавала інфармацыя ў тэлеграм-каналах.
«Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням мужчыны і распачалі крымінальную справу за ўдзел у масавых мерапрыемствах», – паведамляецца. Верагодна, што справа заведзеная паводле ч.2 арт. 293 КК, якая прадугледжвае максімальнае пакаранне да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Фігурант справы працуе электразваршчыкам на адным з прадпрыемстваў Наваполацку. Ягонае прозвішча ўдакладняецца.
Янка Прас