21 верасня ў актывістаў і супрацоўнікаў наваполацкіх прадпрыемстваў прайшлі ператрусы і затрыманні, а напярэдадні – суды. У старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) ААТ «Нафтан» Вольгі Брыцікавай ператрус прайшоў у доме і ў асабістым аўтамабілі. Канфіскаваная аргтэхніка. Самую Брыцікаву затрымалі, але пазней адпусцілі.

Крымінальную справу за псаванне маёмасці (арт. 341 КК) завялі ў дачыненне траіх віцяблян, затрыманых 8 верасня ў Віцебску. Як паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкаму, ім інкрымінуюць псаванне двух банераў з выявай супрацоўнікаў МУС на вуліцы Навалучоскай у Віцебску. Нібыта затрыманыя 6 верасня аблілі банеры з выявамі міліцыянтаў чырвонай фарбай.

3 верасня ў Наваполацку затрымалі прафсаюзнага актывіста Вадзіма Міхайлава. Мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ падчас абедзеннага перапынку, калі выехаў у горад на сваім аўтамабілі. Міхайлава адвезлі ў ГАУС Наваполацку, адкуль ён ужо не выйшаў. Як паспеў паведаміць Вадзім Міхайлаў, прычынай затрымання стала налепка з Пагоняй на багажніку ягонага аўто.

У Віцебскім рэгіёне на бягучым тыдні сілавыя структуры працягнулі праводзіць інтэнсіўныя мерапрыемствы, ў межах крымінальнага заканадаўства, з мэтай аказаць ціск на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

У Віцебскім рэгіёне, як і па ўсёй краіне, 14 ліпеня прайшоў масавы пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. З раніцы сілавікі прыйшлі да актывістаў недзяржаўных арганізацый, партый і рухаў ва ўсёй Віцебскай вобласці.