Дзяніс Тамашэвіч, паводле матэрыялаў сьледзтва, дасылаў у арганізацыі Віцебску і Менску інтэрнэт-звароты, у якіх прасіў дапамагчы дзецям-сіротам. Для ажыцьцяўленьня дабрачыннасьці абвінавачаны адкрыў адмысловы банкаўскі рахунак і прапаноўваў пералічваць на яго ахвяраваньні. Аднак пераведзеныя грашовыя сродкі выкарыстоўваў у асабістых мэтах.
Сьледзтва вядзе работу па выяўленьні доказаў злачынных дзеяньняў Тамашэвіча, якія ён зьдзяйсьняў пад выглядам дабрачынных. 29 арганізацыяў, якія ахвяравалі грошы для дапамогі дзецям-сіротам, ужо заявілі ў адпаведныя органы пра нядобрасумленнасьць заснавальніка фонду.
Паводле словаў Іны Гарбачовай, афіцыйнага прадстаўніка Ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці, Дзяніса Тамашэвіча затрымалі і зьмясьцілі пад варту. Яму прад'яўленае абвінавачаньне ў махлярстве, зьдзейсьненым у буйным памеры (у адпаведнасьці з часткай 3 артыкулу 209 Крымінальнага кодэксу).
Зьвернем увагу на факт супрацы Тамашэвіча зь Віцебскім гарадзкім камітэтам ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Некалькі гадоў таму Тамашэвіч супольна з названай арганізацыяй зладзіў конкурс фотаздымкаў «Віцебск – мой родны горад». У якасьці асноўнай узнагароды пераможцу паабяцалі люстраны лічбавы фотаапарат. Але Тамашэвіч, паводле словаў прадстаўніка БРСМ, спыніў зь імі ўсе кантакты. А ўдзельнікі конкурсу дасылалі свае работы менавіта на ягоны адрас. Таму БРСМ адмовіўся ад абавязкаў арганізатара мерапрыемства. Вынікі конкурсу не падводзілі.
Калі вы пацярпелі ад злачынных дзеяньняў Дзяніса Тамашэвіча, зьвяртайцеся на адрас Упраўленьня Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці: горад Віцебск, Маскоўскі праспэкт, 51а (кантактны тэлефон 8-0212-46-21-48).
Крыніца: tut.by