Нядзеля, 03 Красавік 2016

Супрацоўнікі КДБ дапыталі актывіста «Маладой Беларусі» Алеся Галаваня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алесь Галавань Алесь Галавань

У другой палове дня 31 сакавіка ў Віцебску супрацоўнікі сілавых структур затрымалі рэгіянальнага каардынатара «Маладой Беларусі» Алеся Галаваня.

Некалькі супрацоўнікаў УКДБ па Віцебскай вобласьці (адзін зь іх маёр Аляксандар Іваноў) недзе а 16-й гадзіне схапілі актывіста каля дому і даставілі ў абласное ўпраўленьне КДБ.

Пра затрыманьне паведаміў у Фэйсбуку кіраўнік «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч: «Пасьля гэтага даставілі ва УКДБ па Віцебскай вобласьці для допыту. Пыталі між іншым пра дзейнасьць МБ, пасьля перайшлі да пытаньняў, ці зьбіраў Алесь грошы для батальёну "Азоў", пра ягоныя сувязі з батальёнам, пра паездкі ва Ўкраіну, пра знаёмствы ва Ўкраіне, паказвалі фотаздымкі беларускіх "азоўцаў". Ён, натуральна, ад дачы паказаньняў адмовіўся і нікога не пазнаў. Увечары стала вядома пра ператрусы ў кватэрах фанатаў ФК "Віцебск"».

Рух «Маладая Беларусь» быў афіцыйна заснаваны 28 верасьня 2008 году, у дзень правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Ідэя стварэньня моладзевага руху належыць Артуру Фінькевічу, былому палітвязьню і былому намесьніку старшыні «Маладога фронту».

spring96.org