Чацвер, 07 Красавік 2022

Блогер Віталь Усціновіч: Пакуль больш не буду закранаць сітуацыю ў краіне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Віцебскі відэаблогер – падазраваны ў крымінальнай справе, распачатай паводле артыкула 391 «Абраза суддзі або народнага засядацеля». З гэтай нагоды ён быў затрыманы на трое сутак, а ў яго дома правялі ператрус. У выніку ягоны смартфон быў канфіскаваны, і яго змест вывучаюць міліцыянты. А сам Віталь Усціновіч прыняў рашэнне больш не закранаць палітычныя пытанні. Пра гэта ён спавясціў падпісчыкаў у апошнім выпуску свайго відэаблогу.

Паводле відэаблогера, 29 сакавіка ён трапіў у віцебскі ІЧУ. Скаргаў на ўмовы ўтрымання ў яго няма, стаўленне да яго з боку «сукамернікаў» было добрае, і падчас зняволення ён нарэшце меў магчымасць пазнаёміцца з Барысам Хамайдам. Дагэтуль ён бачыў апазіцыянера толькі каля віцебскага «сіняга дому», а цяпер на некалькі дзён яны апынуліся ў адной камеры – спадар Хамайда якраз адбываў 20-суткавы арышт, прысуджаны яму нібыта за несанкцыянаванае пікетаванне.

Падрабязнасці пра сваю крымінальную справу Віталь Усціновіч не распавядае, але настойвае, што ён ні ў чым не вінаваты. І што да забранага тэлефона, то ён таксама ўпэўнены, што нічога «крамольнага» там няма.

Свой апошні відэазварот ён запісаў з дапамогай ужо новага апарата – праўда, крыху горшага паводле тэхнічных характарыстык у параўнанні з тым, што забралі міліцыянты. Віталь Усціновіч кажа, што за тыя трое сутак, што ён быў у ІЧУ, зменшылася колькасць праглядаў ягонага відэаблогу, бо ў Расеі адключылі манетызацыю youtube. Тым не менш, блогер плануе і надалей здымаць відэа, але адмовіцца ад палітычнай тэматыкі:

«Я мяркую, не варта закранаць сітуацыю ў краіне. Так, напэўна, будзе лепш для ўсіх – сітуацыю ў краіне не закранаць. Застануцца відэа з падарожжаў па Беларусі, аповеды пра рыбалку – такія відэа ў мяне былі і раней, і набіралі па 400-500 тысяч праглядаў. Як толькі мне вернуць мой смартфон, я адразу паеду. Планаваў падарожжа на поўнач Беларусі, а можа, удасца паехаць і ў суседнія краіны. Ёсць яшчэ, што паказаць і расказаць».

На youtube-канале Віталя Усціновіча пакуль яшчэ можна паглядзець старыя  выпускі з удзелам «деда Шоушенко» – персанажа, прыдуманага відэаблогерам, і «Ябацькіны новасти», якія дужа палюбіліся віцебскім, і не толькі віцебскім гледачам. Аднак у каментарах да апошняга відэазвароту людзі пішуць, што цалкам разумеюць пазіцыю блогера, які адмаўляецца ад палітычнай тэматыкі, і зачыць хутчэйшага вяртання сатырычных відэаролікаў.

Феліцыян Красоўскі