Жыхары Віцебску, і не толькі яны, ведаюць Віталя Усціновіча як стваральніка вобраза «деда Шоушенко». Гэты персанаж мае вусы, размаўляе на трасянцы і ўвесь час даказвае сваім апанентам, што лепш за іх разбіраецца ў палітыцы, эканоміцы і ўвогуле ва ўсіх сферах беларускага жыцця.
Таксама блогер з’яўляецца стваральнікам сатырычнага цыклу «Ябацькіны новасти», дзе аналізуе палітычныя падзеі ў Беларусі. У відэароліках Віталя Усціновіча сустракаюцца фрагменты відэазапісаў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, Лідзіі Ярмошынай, Рыгора Азаронка, іншых пазнавальных асобаў. І пасля прагляду такіх «навінаў» гледачам найчасцей становіцца не весела, а наадварот…
Апрача сатырычных выпускаў, на канале Віталя Усціновіча можна паглядзець ягоныя «кулінарныя выпрабаванні», дзе ён дэгустуе прадукцыю, якую можна набыць у тутэйшых крамах, «відэа-экспедыцыі» па закінутых вёсках Віцебшчыны і па зачыненых віцебскіх прадпрыемствах. Здымаў блогер таксама мясцовыя палітычныя падзеі, у прыватнасці, сустрэчы ў Віцебску з кандыдатамі напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Матэрыялы гэтых прамых трансляцый і цяпер захоўваюцца на канале Віталя Усціновіча. Верагодна, у відэароліках віцебскага блогера будуць шукаць «экстрэмізм», як гэта было, прыкладам, з відэаблогеркай Аленай Янушкоўскай і ксяндзом Вячаславам Барком, чые выступы на Youtube амаль паўгода вывучаў следчы камітэт.
Феліцыян Красоўскі