Чацвер, 07 Красавік 2022

Святлану Фірсаву вінавацяць у абразе Лукашэнкі, яна ў віцебскім СІЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Крымінальную справу супраць яе паводле ч.1, арт.368 Крымінальнага кодэксу распачалі 15 сакавіка, і ўжо 16 сакавіка дзяўчыну затрымалі проста на працы – 28-гадовая жыхарка гарадскога пасёлку Ветрына працуе ў Полацку ў стаматалагічнай клініцы. Некалькі дзён пасля затрымання яна знаходзілася ў Полацкім ІЧУ, а потым яе перавялі ў Віцебскі СІЗА. Родныя чакаюць лістоў ад зняволенай, але іх пакуль няма.

Падрабязнасці крымінальнай справы пакуль не вядомыя, але ёсць верагоднасць, што падставай для абвінавачання стаў каментар да відэа з прамовай Лукашэнкі. Прынамсі, так патлумачылі міліцыянты падчас затрымання. Справу Святланы Фірсавай даследуе полацкі Следчы камітэт, і ў праваабаронцаў ёсць звесткі, што следчыя шукаюць доказаў вінаватасці дзяўчыны яшчэ й паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы»).

 Жыхарка Ветрына трапіла пад увагу сілавых структур пасля таго, як яе абвінавацілі паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу за «апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». У адпаведнасці з матэрыяламі абвінавачвання, у перыяд з 13 па 30 лістапада 2020 году Фірсава і яе сяброўка Вольга Трунова неаднаразова, з выкарыстаннем балончыкаў з фарбай чырвонага і белага колераў, наносілі надпісы і выявы на слупах электраперадач, дрэвах, асфальце, лаўках на прыпынках транспарту ў Полацкім раёне. Таксама яны расклейвалі лісты паперы з чырвонай палоскай на белым фоне. За гэта 2 лютага суддзя суду Полацку і Полацкага раёну Віктар Баліко аштрафаваў Святлану Фірсаву на 200 базавых велічынь. Цяпер яна не мае фізічнай магчымасці выплаціць гэты штраф, бо знаходзіцца за кратамі.

 Што да артыкула 368 Крымінальнага кодэксу, то абвінавачванні за каментары ў інтэрнэце шырока практыкуюцца па ўсёй Беларусі. І Віцебшчына тут – не выключэнне. Апрача Святланы Фірсавай, за выказванне на адрас Лукашэнкі 21 сакавіка быў затрыманы аршанец Антон Баброў.

 Андрэй Кот