Панядзелак, 28 Люты 2022

Міхаіл Жамчужны на волі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра гэта ён сам паведаміў праз Фэйсбук, напісаўшы: «Дзякуй за падтрымку, паказанняў не даваў, Тэлеграм знёс».

Падрабязнасцяў пра сваё затрыманне ён пакуль не паведамляе, тэлефоннай сувязі з былым палітвязнем па-ранейшаму няма. З таго, што вядома: Міхаіл Жамчужны перастаў адказваць на тэлефанаванні 24 лютага. Перад тым ён казаў сябрам, што да яго ўночы ламіліся нейкія людзі, якая называлі сябе міліцыянтамі. Не выключана, што яго прэвентыўна затрымалі напярэдадні «рэферэндуму» 27 лютага, бо міліцыя апасалася выхаду актыўных грамадзянаў на пратэсты.

Заснавальнік «Платформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Ён быў прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Год таму Міхаіл Жамчужны выйшаў з-за кратаў: 19 лютага 2021 г. пасля 6 з паловай гадоў зняволення ён  пакінуў калонію N9 у Горках Магілёўскай вобласці. Ён знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам: былы палітвязень абавязаны 2 разы на месяц з'яўляцца для рэгістрацыі ў органы ўнутраных спраў, яму таксама забараняецца наведваць крамы, кавярні і гандлёвыя палаткі ў мэтах набыцця алкагольных напояў, а пасля 20-й вечара і цягам усёй ночы ён абавязаны знаходзіцца дома.

 

Андрэй Кот