Журналісты і сябры з самай раніцы 19 лютага чакалі вызвалення Міхаіла Жамчужнага каля каля брамы калоніі ў Горках. Але адразу сустрэць яго не атрымалася: кіраўніцтва пенітэнцыярнай установы таемна вывезла Жамчужнага на чыгуначную станцыю і пасадзіла на дызель-цягнік да Воршы. У Воршы яго сустрэў праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Апоўдні навукоўца, вынаходнік, праваабаронца і былы палітвязень Міхаіл Жамчужны дабраўся да Віцебску. Паведаміў што напісаў за кратамі некалькі навуковых (адну – па беларуску!) кніжак і паабяцаў даць вялікае інтэрв'ю.
Заснавальнік «Платформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Ён быў прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны быў прызнаны палітычным зняволеным. Цяпер ён на волі.
Зміцер Міраш