Серада, 28 Красавік 2021

У Віцебску затрымалі выхавальніцу дзіцячага садку Лізавету Кірыенка. Будзе ператрус

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

27 красавіка была затрыманая 23-гадовая выхавальніца дзіцячага садку ў Віцебску Лізавета Кірыенка. Бацькі пакуль не ведаюць, за што канкрэтна затрымалі дачку, але тое, што з палітычных прычын, не выклікае сумненняў. Лізавета знаходзіцца зараз у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ). Маці паведаміла, што ў кватэры, якую здымае яе дачка, пройдзе ператрус.

«Нічога не ведаю. Яна мне ўчора пазваніла недзе а 15-й гадзіне, кажа: «Не хвалюйся, усё ў парадку». Я запыталася, ці можна ёй перадаць вадкасць для лінз, бо ў яе зрок «мінус 6». Праз паўзу, бо, відаць, нехта сядзеў побач, адказала, што не, нельга. І ўсё, больш нічога не сказала. Толькі, маўляў, ты не перажывай, гэта адміністрацыйная справа», – расказала маці Лізаветы Святлана.

Але маці ўжо паведамілі, што ў кватэры, якую здымае яе дачка ў Віцебску, адбудзецца ператрус. Бацькі хвалююцца, каб пасля вобшуку справа не перарасла ў крымінальную.

Лізавета Кірыенка летась прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці. За ўдзел у мірных шэсцях яна была пакараная штрафам (арт. 23.34 КаАП). Дзяўчына працуе выхавальніцай у адным з садкоў Віцебску і завочна вучыцца на IV курсе Магілёўскага педуніверсітэту.

Падрабязнасці цяперашняй справы ўдакладняюцца. Меркавана, суд над Лізаветай Кірыенка адбудзецца 29 красавіка.

Зміцер Міраш