Алег Паўлаў быў затрыманы 30 верасня па дарозе ў Віцебскі абласны суд, дзе меўся адбыцца разгляд ягонай скаргі на рашэнне суду Кастрычніцкага раёну, які 24 верасня (суддзя Ілля Белавус) прысудзіў яму гэтыя самыя 8 содняў за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 16 жніўня (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Такім чынам, супрацоўнікі МУС пазбавілі актывіста права бараніць свае інтарэсы ў судзе.
«На выхадзе з дому стаяў аўтамабіль, у ім – двое супрацоўнікаў РАУС, і яны «прынялі» мяне там жа. Я патлумачыў, што еду на суд, што рашэнне суду можа быць і на маю карысць. Але тое ім было нецікава. Яны завезлі мяне ў РАУС і адразу аформілі, нават у «абяз'яннік» не пасадзілі – адразу ў СІЗА, без аніякіх затрымак», – расказаў пасля вызвалення Алег Паўлаў.
Адміністрацыйны арышт Паўлаў адбываў у следчым ізалятары, бо ў ІЧУ зараз працягваецца капрамонт.
Па словах актывіста, умовы ўтрымання ў СІЗА аказаліся нашмат лепшыя, чым на ІЧУ: мышэй няма, у камерах больш паветра. Але ад турэмнага харчавання Паўлаў прынцыпова адмаўляўся.
30 верасня, на пасяджэнні ў Віцебскім абласным судзе, куды так і не даехаў актывіст, суддзя Святлана Іванова пастанавіла пакінуць скаргу Алега Паўлава без задавальнення, а рашэнне суду першай інстанцыі без зменаў.
Уладзімір Бяляўскі