Вінаватым сябе Алег Паўлаў не прызнаў, але ад удзелу ў мітынгу не адмаўляўся: каля аблвыканкаму знаходзіўся, у руках мэгафон трымаў, спрыяў выказваньню розных меркаваньняў, але праз гукаўзмацняльнае прыстасаваньне выказваліся іншыя людзі.
«Я быў у складзе тых прадстаўнікоў грамадзкасьці, якіх на наступны дзень, дзякуючы акцыі 16 жніўня, прыняло кіраўніцтва аблвыканкаму. Мы зьвярнуліся да ўладаў з патрабаваньнямі прызнаць выбары сфальсыфікаванымі, спыніць перасьлед, арышты і затрыманьні людзей…» – патлумачыў судзьдзі Паўлаў.
Грамадзкі актывіст зьвярнуў увагу на тое, што некалькі фактаў, выкладзеных у пратаколе, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Так, у прыватнасьці, яго каля аблвыканкаму не затрымлівалі, у далоні ён ня пляскаў, бо трымаў мэгафон, ды і лёзунгаў не выгукваў.
Прагляд відэазапісу пацьвердзіў праўдзівасьць словаў Алега Паўлава.
«Тое, што я трымаў у руках мэгафон, не даказвае, што я яго выкарыстоўваў. Тым больш, мэгафон ня мой. Уладальнік мэгафону некуды раптам зьнік, і я проста яго захоўваў. Так, я трымаў яго ў руках», – патлумачыў Паўлаў.
Судзьдзя Ільля Белавус абвясьціў перапынак, пасьля якога пастанавіў прызнаць актывіста вінаватым і пакараць адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 8 содняў. Тэрмін адлічваць з моманту фактычнага затрыманьня.
Нагадаем, да гэтага Алега Паўлава затрымлівалі 10 жніўня, ён быў асуджаны на 15 содняў, але выйшаў на волю датэрмінова, адбыўшы толькі частку пакарання (амаль 5 сутак). Пазьней абласны суд адмяніў пастанову ад 12 жніўня і накіраваў справу на новы разгляд, які адбудзецца 25 верасня ў судзе Першамайскага раёну (пачатак – 11.00).
Таксама сёньня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску судзьдзя Міхаіл Юрчанка паводле арт. 23.34 КаАП аштрафаваў на 5 базавых велічынь(135 рублёў) актывіста Хрыстафора Жаляпава. Ён прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў шэсьці 6 верасьня.
Той жа самы Міхаіл Юрчанка пакараў штрафам у памеры 2 базавыя велічыні (54 рублі) віцяблянку Тацяну Зелянову (ч.1 арт. 23.34).
С. Горкі