Серада, 20 Снежань 2017

Выбары ў Віцебску: папярэдняя статыстыка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прайшоў ужо месяц ад пачатку выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя заканадаўчыя органы ўлады. Таму можна падвесьці прамежкавыя вынікі і даць агульную карціну бягучага моманту падрыхтоўкі да выбараў “слугаў народу” ў Віцебску.

Вынікі рэгістрацыі

Перадусім зробім некалькі высноваў наконт рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па збору подпісаў для патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты.

З 59 пададзеных заяваў аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў Віцебская гарадзкая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў у гарсавет зарэгістравала 57. Колькасьць зборцаў у групах вагаецца ад трох да дзесяці чалавек.

Гендэрны склад

Абагульнены партрэт кандыдата ў дэпутаты, за якога сябры ініцыятыўных групаў будуць весьці збор подпісаў, выглядае гэтак.    

Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаніяў, гэндэрнай раўнавагі не назіраецца. Яўную колькасную перавагу маюць мужчыны, за вылучэньне якіх будуць зьбіраць подпісы 43 (75%) ініцыятыўныя групы.

Жанчыны ў Віцебску традыцыйна праяўляюць значна меншую палітычную актыўнасьць, чым мужчыны. Збор подпісаў на карысьць прадстаўнікоў “далікатнага полу” ў якасьці кандыдатак у дэпутаты будуць весьці ўсяго 14 (25%) ініцыятыўных групаў.

Сацыяльны статус

Па роду заняткаў альбо займанай пасадзе склад вылучэнцаў выглядае так:

  • 50 прэтэндэнтаў у кандыдаты – выхадцы з кіраўнічага асяродку;
  • 4 пэнсіянэры;
  • 1 індывідуальны прадпрымальнік;
  • 1 студэнт;
  • 1 беспрацоўны.

Партыйная прыналежнасьць 

Партыйны склад жадаючых засядаць цягам наступных чатырох гадоў у якасьці дэпутатаў у гарадзкім Савеце вельмі тыповы.

Пераважная большасьць кандыдатаў (51 чалавек) – беспартыйныя. Прадстаўнікі партыі “Беларускі народны фронт” і Аб’яднанай грамадзянскай партыі зарэгістравалі па тры ініцыятыўныя групы. Іншыя партыі ня выявілі жаданьня вылучаць сваіх сябраў шляхам збору подпісаў.

Канкурэнтнасьць і фінансаваньне

Зазначым таксама, што ў 15-ці акругах з 40 збор подпісаў будзе канкурэнтным, гэта значыць у гэтых акругах за подпісы выбарцаў будуць спаборнічаць дзьве ці больш ініцыятыўныя групы.

Неабходна адзначыць, што збор подпісаў сябрамі ініцыятыўных групаў не фінансуецца дзяржавай. Матэрыяльны падмурак працы зборцаў подпісаў мусіць забясьпечыць сам грамадзянін, які выказаў жаданьне стаць кандыдатам у дэпутаты Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў.

Леанід Сьвецік, назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Залагініцца каб дадаць камэнтары