Аўторак, 05 Снежань 2017

Віцебск: пачалася рэгістрацыя ініцыятыўных групаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На чарговым паседжаньні Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі па выбарах гарадзкога Савету дэпутатаў, якое адбылося 5 сьнежня, было разгледжанае пытаньне рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Вынікам паседжаньня стала рэгістрацыя дзьвюх групаў грамадзян, якія маюць намер праз збор подпісаў зарэгістраваць свайго лідэра для яго ўдзелу ў выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты гарадзкога прадстаўнічага органа ўлады.

Першая ініцыятыўная група колькасьцю дзевяць чалавек будзе зьбіраць подпісы па Чкалаўскай выбарчай акрузе №9. Чальцы гэтай групы будуць зьбіраць подпісы на карысьць Тацяны Трушанінай, дырэктаркі Віцебскага дзяржаўнага прафэсійна-тэхнічнага каледжу машынабудаваньня імя М. Ф. Шмырова.

Другая група зь дзесяці чалавек мае намер сабраць неабходную колькасьць подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты па Авіяцыйнай выбарчай акрузе №13 галоўнага лекара ўстановы аховы здароўя «Віцебскі абласны клінічны шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі» Сяргея Лазара.

Варта адзначыць, што Т. Трушаніна і С. Лазар не зьяўляюцца дэпутатамі Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў, які дзейнічае ў цяперашні час.

На жаль, не ўдалося высьветліць, ці зьяўляюцца сябры ініцыятыўных групаў падначаленымі будучых кандыдатаў у дэпутаты па месцы працы, а таксама ці добраахвотна яны ўвайшлі ў ініцыятыўную групу.

Даведачна. Паводле дзейнага выбарчага закону, каб стаць кандыдатам, неабходна сабраць сама меней 75 сапраўдных подпісаў выбаршчыкаў, якія пражываюць у межах выбарчай акругі. У лютым 2018 году ў Віцебскі гарадзкі Савет дэпутатаў павінна быць абрана 40 дэпутатаў.

Леанід Сьвецік, назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»