На Браслаўшчыне на мінулым тыдні сваю агітацыйную кампанію актыўна рэалізоўвалі падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі раёна кандыдат у дэпутаты так званай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергяенка і кандыдат у дэпутаты Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства "Віцебскаблгаз” Аляксандр Бранцэвіч.
Ігар Сергяенка сустрэўся ў Браславе з работнікамі прыродаахоўнай установы НП "Браслаўскія азёры", педагагічным і тэхнічным персаналам СШ № 2, а Аляксандр Бранцэвіча з педкалектывам гарадской школы № 1 горада.
Як піша сайт braslav-star.by, усяго падчас агітацыйнага перыяду ў Браслаўскім раёне Ігар Сергяенка правёў ужо 23 сустрэчы з працоўнымі калектывамі, актывам сельскіх Саветаў дэпутатаў і выбаршчыкамі па месцы іх жыхарства, у ходзе якіх узяў на заметку 59 пытанняў ад мясцовага насельніцтва. Сярод іх такія сацыяльна значныя, як рамонт сетак водазабеспячэння, утрыманне дарожна-вулічнай сеткі, будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, замацаванне на працоўных месцах маладых спецыялістаў, унясенне змен у некаторыя заканадаўчыя акты краіны ды іншыя.
Паводле браслаўскага выдання, і Ігар Сергяенка, і Аляксандр Бранцэвіч як патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, хаця і розных узроўняў, сярод асноўных сваіх задач бачаць садзейнічанне разнастайным формам эканамічнага развіцця Браслаўшчыны, арганізацыю сустрэч у акрузе з выбаршчыкамі, якія часам звяртаюцца з пытаннямі не толькі мясцовага, але і рэспубліканскага ўзроўню.
“Кандыдаты на дэпутацкі мандат, нягледзячы на законны агітацыйны перыяд, эмацыйна не заклікалі электарат на сваю карысць. Біяграфічныя звесткі, асаблівасці работы, погляды на далейшае развіццё роднай Беларусі, яе рэгіёнаў, заснаваныя на базе Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады, - квінтэсэнцыя іх зносін з выбаршчыкамі”, - піша сайт раённай газеты.
А навошта ім эмацыйна заклікаць і напружвацца, калі яны і так ведаюць, што іх прызначаць у так званую Палату прадстаўнікоў і ў так званы Віцебскі абласны Савет дэпутатаў. Спісы патрэбных людзей туды ўжо і так складзеныя, застаецца толькі імітацыя псеўдавыбараў.
Раман Матуха