Вось і кіраўнік гарадскога пасёлка Шаркаўшчына не адстае ад іншых чыноўнікаў. У Шаркаўшчынскім філіяле газазабеспячэння ПУ "Браслаўгаз" адбыўся адзіны дзень інфармавання на чале са старшынём Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрыем Ламака. Асноўнай тэмай для абмеркавання, вядома, былі выбары, і гучала яна так - "Выбары дэпутатаў: аргументы і факты".
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака расказаў аб ролі дэпутатаў так званай Палаты прадстаўнікоў і членаў так званага Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і аб тым, што бягучая выбарчая кампанія стане найбуйнейшай за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Уладам трэба абраць 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і 12514 дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Акрамя таго, кіраўніка раёна турбавала і нацыянальная бяспека Беларусі, ён акцэнтаваў на яе значную ўвагу. Дмітрый Ламака падкрэсліў, што бяспека непасрэдна звязаная з выбарам, які трэба зрабіць беларусам.
Як піша сайт раённай газеты, таксама быў зроблены акцэнт на тэму якасці як залог поспеху сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, былі закранутыя актуальныя пытанні добраўпарадкавання раёна.
А якое сацыяльна-эканамічнае развіццё ў раёне ведае кожны беларус – Шаркаўшчынскі раён знаходзіцца ў рэйтынгу па заробках у Беларусі заўжды на апошніх месцах. Ды і пра бяспеку цяпер задумваюццца не толкі на Шаркаўшчыне, але і паўсюль у краіне, бо былы лозунг Лукашэнкі, што ў Беларусі няма вайны і беларусы – мірная нацыя становіцца ўжо неактуальным.
Таму сапраўды беларусам трэба задумацца над правільным выбарам у мэтах усё той жа нацыянальнай бяспекі, каб не быць вымерлай нацыяй.
Нагадаем, па Шаркаўшчынскай выбарчай арузе № 56 у так званы Абласны савет дэпутатаў балатуюцца два чалавекі – старшыня Радзюкоўскага сельсавета Аляксандр Цітовіч і яго супернік, якога хутчэй за ўсё ўлады прызначаць у абласны савет, – Уладзімір Мацвееў, генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд». А для так званага выбару кандыдата ў Палату прадстаўнікоў Шаркаўшчына ўваходзіць у Пастаўскую акругу №29, на якой будзе прызначаны кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергяенка.
Рыта Жукоўская